Віцебск: Намеснік старшыні камісіі паводзіць сябе па-хуліганску
Паводле назіральніка Аляксея Кірылава, да яго кінуўся біцца намеснік старшыні камісіі ўчастка №1 Чыгуначнага раёну Віцебска. Назіральнік падаў скаргу ў пракуратуру.
Як распавёў Аляксей Кірылаў, 16 снежня ім было зафіксавана парушэнне: камісія пачала выдаваць выбаршчыкам бюлетэні ў абедзенны перапынак – да афіцыйнага адкрыцця выбарчага ўчастка.
-- Я зафіксаваў парушэнне і пайшоў падаваць скаргу ў камісію. Уся камісія накінулася на мяне, маўляў, нахабнік, сумлення ў цябе няма. Я хацеў усе гэта сфатаграфаваць, зняць на відэа. І тут намеснік старшыні пачаў хапаць мяне за рукі, спрабаваў выхапіць мабільны тэлефон, штурхаў мяне, гузік у куртцы выдраў. І яшчэ спрабаваў выштурхаць мяне з участка, за дзверы.
Аляксей Кірылаў распавёў, што ён стаў назіральнікам упершыню, і што з-за гэтага яму ўжо пагражалі наступствамі – да прыкладу, высяленнем з інтэрната. Іншага жытла ў хлопца няма, ён сірата. А.Кірылаў кажа, што перажыў сапраўдны стрэс ад такога стаўлення з боку камісіі, і не выключае, што ў дзень выбараў на ўчастак яго проста не пусцяць.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”