У 100 гарадах свету прайшла акцыя “За свабоду Беларусі”
Вечарам 16 снежня у больш чым 100 гарадах Еўразіі і Амерыкі прайшла акцыя “За свабоду Беларусі”. Удзельнікі акцыі на плошчах завязвалі ірты помнікам, каб нагадаць, што ў Беларусі людзі не могуць свабодна выказвацца і выбіраць уладу.
Як паведаміў актывіст акцыі Амерыга Ламбардзі на “Фэйсбук” - старонцы кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, мерапрыемства наладзіла арганізацыя “Маладыя еўрапейскія федэралісты”, МЕФ (Young European Federalists, JEF). Яе старшыня Філіп Адрыансенс патлумачыў: “Гэтая моцная скаардынаваная акцыя, якая адначасова адбываецца ў розных кутках планэты, паказвае на дзіўную з‘яву – дыктатуру за ваколіцай Еўразвяза. Еўропа павінна заняць пэўную пазіцыю ў дачыненні да шызафрэнічнага рэжыму ў Беларусі. Калі яе кіраўнік і вышэйшыя чыноўнікі жадаюць ездзіць у Еўропу, яны павінны садзейнічаць далейшай эканамічнай і палітычнай інтэграцыі Беларусі ў Еўразвяз. Таму наша акцыя ёсць знакам салідарнасці з не менш еўрапейскай Беларуссю, жыхары якой патрабуюць свабоду замест прыгнёту.”
Дэвіз акцыі – “Дайце голас дэмакратыі!”. Напярэдадні беларускіх прэзідэнцкіх выбараў яе ўдзельнікі ў Аттаве, Берліне, Бруселі, Хельсінках і іншых гарадах ў 36 краінах выказалі пратэст беларускаму правячаму рэжыму і салідарнасць з дэмакратычнымі сіламі ў Беларусі. “Праз 5 гадоў пасля рэферэндуму, які дазволіў Лукашэнке бясконца перавыбірацца на пасаду вярхоўнага кіраўніка краіны, у Беларусі па-ранейшаму парушаюцца правы чалавека, дагэтуль не існуюць грамадзянскія свабоды, а Еўразвяз тым часам закрывае вочы на свайго нецывілізаванага суседа. Вось чаму сярод сяброў МЕФ і іншых маладых людзей у Эўропе і свеце расце пратэст супраць пародыі на дэмакратыю ў Беларусі,” – гаворыць арганізатар акцыі Даніэла Відайчу.
Які сэнс крыецца за завязваннем іртоў статуям? Оса Гунвэн, адзін з актывістаў, тлумачыць: “У нас з‘явілася ідэя паставіць гарадскія сімвалы, а значыць і самі гарады, на месца жыхароў Беларусі, якія не маюць магчымасці выказвацца, бо баяцца пераследаванняў з боку рэжыму. Помнікі звычайна нагадваюць пра людзей, якіх мы шануем, якія выказвалі сваю думку. Мы падумалі: а што, калі б у іх не было такой магчымасці?”
Першая падобная акцыя прайшла ў 2006 г., цяпер яна праводзілася ў шосты раз. Як паведамляецца ў прэс-рэлізе МЕФ, вынікам акцыі стала мабілізацыя маладых людзей па ўсім свеце, якія падзяляюць ідэю: мы за дэмакратычную Беларусь, і кіраўнікі краінаў павінны лічыцца з гэтым. “Пакуль у Беларусі мае месца прыгнёт, Маладыя еўрапейскія федэралісты будуць працягваць барацьбу,” – кажа Даніэла Відайчу.
Фота:
Падчас акцыі ў Жэневе.
Брусэль: сімвалічны калючы дрот.
Удзельніца акцыі ў Бухарэсце.