«Белсат» пратэстуе супраць фінансавання БТ Еўрапейскай Камісіяй
Адмысловы прэс-рэліз з нагоды запуску сумеснага інфармацыйнага праекту Першага каналу беларускага дзяржаўнага тэлебачання і Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Беларусі «Акно ў Еўропу» распаўсюдзіла сёння прэс-служба «Белсату».
У прэс-рэлізе, у прыватнасці, гаворыцца:
«Мы падтрымліваем дыялог ды імкненне да паразумення ў адносінах паміж Беларуссю і Еўропай. Аднак гэты дыялог мусіць праводзіцца з захаваннем прынцыпаў. Еўрапейская Рада ў сваім заключэнні ад 25 кастрычніка 2010 г. паставіла прагрэс у адносінах з Беларуссю ў залежнасць ад павагі да правоў чалавека і прагрэсу ў галіне свабоды медыяў. Нас вельмі трывожыць сітуацыя, калі прамоцыя свабоднага свету — у гэтым выпадку Еўрапейскага Звязу — у выніку вузкага палітычнага інтарэсу рэалізуецца пры дапамозе прапагандысцкіх установаў недэмакратычнай дзяржавы, якой усё яшчэ застаецца Беларусь. Гэтыя ўстановы штодня выкарыстоўваюцца для зняволення грамадства і падпарадкавання яго рэжыму. Іх прызнанне абсалютна несумяшчальнае з ідэаламі дэмакратыі ды правоў чалавека, упісаных у афіцыйную пазіцыю Еўрапейскага Звязу. Падтрыманне Еўрапейскім Звязам рэжымнага беларускага тэлебачання — гэта найгоршы сігнал для ўсіх зацікаўленых у вяртанні свабоды слова ў Беларусі».
На думку кіраўніцтва «Белсату», прызнанне ўстановамі Еўрапейскага Саюзу «тэлебачання, якое ёсць элементам уладных структураў і далёкае ад прыкладаў сумленнай журналістыкі», непрымальнае. Таму тэлеканал прапануе калегам з Беларусі і Польшчы падпісацца пад заявай пратэсту, якую збіраецца перадаць старшыні Еўрапейскай Камісіі і еўрадэпутатам.
Далучыцца да падпісантаў заявы можна на сайце тэлеканалу «Белсат».
З 13 студзеня Першы канал беларускага дзяржаўнага тэлебачання і Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Беларусі запусцілі сумесны інфармацыйны праект «Акно ў Еўропу».
Цэлы год у межах праекту на Першым канале і FM-радыёстанцыі «Радиус FM» будзе выходзіць перадача з аднайменнай назвай, — паінфармавала Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі 13 студзеня. Першы 15-хвілінны тэлеэфір адбыўся ў панядзелак а 18.25, радыёпраграма выйшла а 18.40.
Раней гэтая праграма выходзіла ў эфір на «Белсаце», «Еўрарадыё» і «Радыё Рацыя».