У Карме датэрміновае галасаванне ўжо скончылася
16 снежня на сайце раённай газеты «Зара над Сожам» (раённы цэнтр Карма ў Гомельскай вобласці) апублікаваны матэрыял, які пачынаецца з такіх радкоў: «Сёння завяршаецца датэрміновае галасаванне па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Заўтра, 19 снежня - галоўны і завяршаючы дзень выбараў, у які вызанчыцца лёс нашай краіны на блішэйшую будучыню».
Ці Карма жыве па іншым вымярэнням часу, ці сапраўды там ужо заўтра асноўны дзень галасавання - нам невядома. Карэспандэнт піша, што 14 снежня на ўчасткі для галасавання прыйшлі каля 5% выбарцаў, і «ў кожны наступны дзень колькасць прагаласаваўшых датэрмінова павялічвалася ў некалькі разоў». То бок, карэспандэнтка – магчыма, яна валодае дарам прадбачыць будучыню ці тэлепатычнай сувяззю з космасам - ведае, што 16, 17, 18 снежня колькасць выбаршчыкаў будзе павялічвацца.
«Яшчэ адзін дзень - і старонка аб прэзідэнцкіх выбарах 2010 года ў кнізе гісторыі нашай краіны будзе напісана намі, грамадзянамі», - завяршае свой тэлепатычны допіс Віола Ляхновіч.
Дарэчы, па афіцыйных звестках, у Кармянскім раёне ў першы дзень датэрмінова прагаласавалі каля 9% выбаршчыкаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”