Салігорск: Ні дня без парушэнняў
Многія незалежныя назіральнікі ў Салігорску адзначаюць шэраг сур’ёзных парушэнняў. На некалькіх участках старшыні камісій беспадстаўна пагражалі незалежным назіральнікам скасаваннем рэгістрацыі.
Назіральніку ад партыі “Справядлівы свет” на ўчастку № 7 старшыня камісіі Дудар заявіў, што на наступны дзень ён будзе зняты з назірання. Падставай для гэтага была названа адсутнасць зарэгістраванай структуры партыі ў раёне, чаго, паводле дзеючага заканадаўства, не патрабуецца. Старшыня участковай камісіі №5 пагражаў скасаваннем рэгістрацыі незалежнай назіральніцы за пакінуты, з дазволу іншых сябраў камісіі, подпіс на паперы, якой апячатана скрыня для галасавання. Агулам, практычна ўсе незалежныя назіральнікі ўжо ў першыя дні адзначаюць недабразычлівае стаўленне з боку сакратароў і старшыняў камісій, а таксама спробы правакацыі канфліктаў з боку праўладных назіральнікаў.
Другі дзень датэрміновага галасавання адзначыўся ўзросшай удвая колькасцю прагаласаваўшых выбаршчыкаў. Назіральнікі адзначаюць арганізаваны прыход на датэрміновае галасаванне прадстаўнікоў розных пардпрымстваў і ўстановаў. У прыватнасці, на ўчастак №13 (сярэдняя школа №5) назіраўся арганізаваны прыход каля 30 студэнтаў спецыяльнасці “Папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый” Салігорскага дзяржаўнага горна-хімічнага каледжу, якія пражываюць у студэнцкім інтэрнаце на тэрыторыі дадзенага ўчастку. Шматлікія сігналы паступаюць мясцовым праваабаронцам ад работнікаў аб арганізацыі датэрміновага галасавання адміністрацыяй ААТ “Беларуськалій” і, у прыватнасці, кіраўніцтвам 4-га рудаўпраўлення.
У сваю чаргу ў мясцовых дзяржСМІ ідзе адкрытая прапаганда датэрміновага галасавання. У эфіры і на старонках свайго сайту Салігорскі тэлеканал называе галасуючых датэрмінова салігорцаў не інакш як “разважлівымі беларусамі”. Па афіцыйных дадзеных у Салігорскім раёне датэрмінова прагаласавала 3% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў, што прыкладна супадае з лічбамі незалежных назіральнікаў. Варта адзначыць, што ў сельскіх раёнах, дзе выбарчы працэс амаль не кантралюецца недзяржаўнымі грамадскімі арганізацыямі і апазіцыйнымі партыямі, яўка на датэрміновае галасаванне ўдвая перавышае аналагічны паказчык у горадзе. Гэта розніцца пацвярджаецца і афіцыйнымі крыніцамі інфармацыі.
Ужо зараз назіральнікі адзначаюць тэндэнцыю да завышэння рэальных лічбаў галасуючых. Пакуль назіраюцца прыпіскі ў некалькі чалавек. Факт замены пратаколу першага дня галасавання быў выяўлены на салігорскім участку №7 (сярэдняя школа №2, старшыня камісіі Дудар). За ноч лічба бюлетэняў, якія знаходзяцца на ўчастку, узрасла на сотню. Таксама на два чалавекі павялічылася колькасць прагаласаваўшых. Па сведчаннях назіральнікаў, на гэтым жа ўчастку колькасць прагаласаваўшых датэрмінова 15 снежня ў выніковым пратаколе была завышана на 5 чалавек. На ўчастку №24 незалежным назіральнікам увогуле адмаўляюць у прадстаўленні якіх-небудзь лічбаў: выніковы пратакол не вывешваецца, колькасць прагаласаваўшых за дзень не паведамляецца, колькасць выбаршчыкаў на участку і колькасць атрыманых на ўчастак бюлетэняў застаецца невядомай. Выбаршчыку Андрэю Тычыне, які прыйшоў на свой участак для галасавання №9, старшыня камісіі (дырэктар сярэдняй школы №3) не дазволіў азнаёміцца з агульнадаступнымі лічбамі суткавага пратакола. Такое рашэнне было абгрунтавана тым, што маладзён не з’яўляецца назіральнікам, а для звычайных выбаршчыкаў з участку такая інфармацыя закрыта.
Назіральнікі паведамляюць і пра шэраг іншых парушэнняў. Так, на ўчастку №13 у памяшканні для галасавання стала знаходзіцца супрацоўнік міліцыі, што не прадугледжана заканадаўствам і з’яўляецца парушэннем Выбарчага кодэксу, які забараняе прысутнасць там старонніх людзей. Варта адзначыць, што на ўчастку №7 (сярэдняя школа №2) кабіны для галасавання ўвогуле знаходзяцца не ў памяшканні для галасавання, а ў фае школы, дзе стала знаходзяцца староннія людзі, а падчас перапынкаў бегаюць натоўпы школьнікаў. Само памяшканне, дзе знаходзіцца ўчастковая выбарчая камісія №7, мае вельмі малыя памеры, з-за чаго на ўчастку стала назіраецца гармідар выбаршчыкаў, што не дае назіральнікам магчымасці прасачыць за працэдурай выдачы бюлетэняў. Такая сітуацыя прыводзіць да таго, што выбаршчыкі не ходзяць у кабінкі для галасавання, каб зрабіць свой выбар, а ўладкоўваюцца наўпрост на скрынях для галасавання.
На ўчастку №13 быў зафіксаваны факт выдачы бюлетэня для галасавання па прад’яўленні пасведчання кіроўцы, якое не ўваходзіць у дазволены выбаркамам пералік дакументаў, што пацвярджаюць асобу. Назіральнікі на іншых участках таксама адзначаюць спробы здзяйснення падобных парушэнняў, але ж іх прысутнасць на ўчастку пакуль засцерагае сябраў участковых камісій ад такіх крокаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”