Мінск: Сустрэчу Кастусёва з выбаршчыкамі глушылі канцэртам за Лукашэнку
Плакаты Рыгора Кастусёва і бел-чырвона-белыя сцягі пачалі з’яўляцца на пляцоўцы ля Камароўскага рынку без адной хвіліны дванаццаць. Праз некалькі хвілін давераная асоба кандыдата Аляксей Янукевіч ужо заклікаў у мегафон: “Шаноўныя грамадзяне, падыходзьце да бел-чырвона-белых сцягоў! Пачынаецца сустрэча з выбаршчыкамі кандыдата ў прэзідэнты ад Партыі БНФ Рыгора Кастусёва!”. На сустрэчу сабралася чалавек 40-50, яшчэ некалькі дзесяткаў чыталіі ўлёткі на хаду альбо стоячы непадалёк. Дзе-нідзе завязваліся эмацыйныя дыскусіі.
Кастусёў размаўляў з людзьмі без гукаўзмацняльнай апаратуры. Яго слова час ад часу заглушаліся гучным: “Раз-раз!”, што неслася з калонак на ганку Камароўкі. Гэта правяралі гук арганізатары агітацыйнага канцэрту за А.Лукашэнку, які мусіў адбыцца неўзабаве. Потым праз натоўп выбаршчыкаў, што слухалі кандыдата ад Партыі БНФ, урачыста прайшла моцнага целаскладу жанчына ў доўгім футры, паверх якога быў прануты шалік з лагатыпам “Белай Русі”. Хутка ля ганку рынка сабралася некалькі дзесяткаў жанчын, некаторыя мелі такія ж шалікі. Натоўп прыхільнікаў Лукашэнкі колькасна зацміў тых, хто размаўляў з Кастусёвым, дзякуючы калонам моладзі, прыведзенай БРСМ. Па выглядзе маладзёнаў было бачна, што яны не ведаюць, куды іх прывялі і што тут адбываецца. Нехта раздаў ім агітацыю, таксама ў выглядзе шалікаў. Калоны моладзі злучылі з жанчынамі з “Белай Русі”. Над іх галовамі раскрыліся чырвоныя і зялёныя парасоны. Узняліся сцягі -- “Белай Русі” і дзяржаўныя.
Па словах давераных асобаў Рыгора Кастусёва, амаль усе перадвыбарчыя мерапрыемствы іх кандыдата адбываюцца на тле мітынгаў за Лукашэнку альбо іншых спробаў праўладных сіл перашкодзіць агітацыі. Гэтым разам Кастусёў мог размаўляць з мінчукамі каля 45 хвілін. Потым каманда кандыдата вырашыла, што стаяць побач з акцыяй за чужога кандыдата бессэнсоўна.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”