Барысаў. Паштоўка ў скрыні - скаргі ў ЦВК і абласную пракуратуру
З учорашняга дня ў паштовых скрынях барысаўчан сталі з'яўляцца паштоўкі з подпісам кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі і слоганам «Будучыня ў нашых руках». Праваабаронца Алег Мацкевіч, які выявіў такую паштоўку ў сваёй паштовай скрыні і скрынях суседзяў па шматкватэрным доме, расцэньвае гэта як парушэнне выбарчага заканадаўства, пра што і апавясціў ЦВК і пракуратуру Мінскай вобласці.
У скаргах у пракуратуру Мінскай вобласці і Цэнтральную выбарчую камісію Рэспублікі Беларусь праваабаронца, у прыватнасці, піша: «Паштоўкі былі дастаўленыя ў паштовыя скрыні жыхароў у першай палове дня, у працоўны час супрацоўнікамі аддзялення пошты. У адпаведнасць з арт. 73 Выбарчага кодэкса РБ, усе кандыдаты ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь валодаюць роўнымі правамі і абавязкамі. Кандыдат у прэзідэнты РБ не мае права выкарыстоўваць перавагі свайго службовага становішча ў інтарэсах абрання. Пад выкарыстаннем службовага становішча ў Выбарчым кодэксе РБ маецца на ўвазе прыцягненне асоб, якія знаходзяцца ў падначаленні або іншай службовай залежнасці, для ажыццяўлення ў працоўны час дзейнасці, якая спрыяе вылучэнню i (або) выбранню кандыдата.
Відавочна, што атрыманая мною, а таксама іншымі жыхарамі паштоўка мае ўсе прыкметы агітацыйнай прадукцыі. Пра гэта яскрава сведчыць подпіс на ёй кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Таксама відавочна, што супрацоўнікі паштовага аддзялення былі выкарыстаны ў мэтах агітацыі за згаданага кандыдата ў працоўны час ».
Праваабаронца ў сваёй скарзе ў пракуратуру просіць правесці праверку і прыняць меры пракурорскага рэагавання, а ў ЦВК - даць прававую ацэнку інцыдэнту і прыняць адпаведныя меры да кандыдата Лукашэнкі.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»