Актывістка атрымала адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы
Міліцыя адмаўляецца далей разглядаць справу аб прабітых колах машыны актывісткі горадзенскага МФ Вольгі Багданкевіч. Такі фінал у серыі пагрозаў і запужванняў.
25 лістапада, на наступны дзень пасля
менскай акцыі "Сыходзь", у якой дзяўчына брала ўдзел, невядомыя прабілі
ёй кола на стаянцы каля гіпермаркету "Алмі" (па вул. Савецкіх
Памежнікаў). Вольга падала адмысловую заяву ў міліцыю, але 10 снежня
атрымала на рукі адказ з адмовай ад узбуджэння крымінальнай справы, за
подпісам ст. лейтэнанта В.В. Паліўка. "Сітуацыя сапраўды дзіўная, -
распавядае Вольга Багданкевіч, - бо калі я дамагалася, каб мне
паказалі відэа, знятае камерай знешняга назірання на стаянцы, у міліцыі
мне спачатку заявілі быццам: "Там нічога не бачна", а пасля дык наогул
спаслаліся на тое, што запіс не ўключаецца".
За тыдзень да інцыдэнту, які адбыўся 25 лістапада, ля студэнцкага
гуртжытку дзяўчыне прабілі яшчэ адно кола. "Тады пра палітычныя матывы я
не думала, - тлумачыць Вольга, - але зараз, пасля другога інцыдэнту
вынікае ўжо занадта шмат пытанняў". Актывістка супрацоўнічае з кампаніяй
"Гавары праўду", дзвум горадзенскім функцыянерам якой цягам восені
умоўна невядомыя асаобы таксама прабівалі колы.
"Гэта не першы выпадак ціску, - працягвае Вольга, - яшчэ ў кастрычніку
мяне запрасілі на размову ў рэктарат на прадмет майго ўдзелу ў БХД, дзе
нейкі вертыкальшчык з аблвыканкаму, не саромеючыся заявіў: "Я - тот
человек, от которого может зависеть ваша дальнейшая судьба в Мед.
Университете, а также после его окончания".
У падобную сітуацыю ў той жа перыяд патрапіла сяброўка Волі маладафронтаўка Кацярына Герасімчык: дэкан лечэбнага факультэту Мармыш Генадзь Рыгоравіч паабяцаў дзяўчыне стварыць усе ўмовы для няздачы сэсіі.
"Тым ня менш, я рады, - кажа кіраўнік горадзенскай арганізацыі МФ, -
што ў нас ёсць дзяўчаты, смеласці якіх могуць пазайздросціць некаторыя
хлопцы. З такімі мы пераможам абавязкова! А асобным прадстаўнікам
уладных структураў мы выносім афіцыйнае папярэджанне!"