Брэст: Участковая камісія "не пярэчыць", але адмовілася ад празрыстых скрыняў
Брэсцкі прадпрымальнік Мікалай Савейка выказаў гатоўнасць за кошт уласных сродкаў аплаціць набыццё для ўчастковай выбарчай камісіі № 116 Маскоўскага раёна ў абласным цэнтры дзве празрыстыя скрыні для галасавання. Папярэдне прадпрымальнік даведаўся, што ў адной з фірмаў Барысава такая скрыня каштуе 380 тысяч рублёў.
Мікалай Савейка неаднаразова заходзіў у памяшканне ўчастковай камісіі, размешчанай у будынку ЖЭС-11 на вуліцы Луцкой, але ўвесь час натыкаўся на аб'яву, у якой гаварылася, што камісія пачне сваю працу на месяц пазней (4 снежня), паколькі яе сябры занятыя зверкай спісаў выбаршчыкаў на месцах. Пры гэтым у аб'яве не былі пазначаныя кантактныя тэлефоны старшыні ці сакратара камісіі. Нарэшце, ён застаў дзяжурных сябраў выбаркама і распавёў пра сваю прапанову, пакінуўшы нумар мабільнага тэлефона. Спаслаўшыся на старшыню участковай камісіі, дэпутата Брэсцкага гарсавета, дырэктара дзіцячага садка-школы № 1 Таццяну Мосіну, сябры камісіі паабяцалі звязацца з прадпрымальнікам.
Аднак ніхто Савейка не патэлефанаваў, а ўвечары 10 снежня па пошце ён атрымаў ліст, падпісаны старшынёй камісіі і сакратаром Раісай Валевіч. У лісце, у прыватнасці, гаворыцца: “Участковая комиссия не возражает против Вашего предложения изготовить, доставить, оплатить и своевременно установить ящики для предварительного голосования, для голосования по месту нахождения избирателя и стационарный ящик для голосования в день выборов. При этом просим Вас представить в комиссию данные о предприятии-изготовителе, сертификат качества предоставляемого оборудования и соответствия его санитарно-гигиеническим требованиям”.
Ліст выклікаў ў Мікалая Савейка, па меншай меры, здзіўленне. Ён прапанаваў толькі аплаціць скрыні, а пытанні вырабу, дастаўкі і ўстаноўкі скрыняў, на яго думку, павінны былі вырашацца паміж камісіяй і вытворцам. І чаму менавіта ён, а не прадпрыемства, павінен прадставіць сертыфікаты якасці і адпаведнасці? Выходзіць, зараз выбаршчыкам трэба патрабаваць ад сябраў участковых камісій такія сертыфікаты на ўсе скрыні, устаноўленыя на участках?
Але больш за ўсё прадпрымальніка здзівіў ліст ад тых жа асобаў, атрыманы ім у панядзелак, 13 снежня, і зарэгістраваны як № 1 ад 8.12.2010 года. У ім гаворыцца, што "в данный момент на участке для голосования № 116 по выборам Президента Республики Беларусь уже имеются изготовленные и установленные ящики для предварительного голосования, для голосования на дому и стационарный ящик для голосования в день выборов. Благодарим за предложенную помощь".
На фота - Мікалай Савейка: "Якому ж лісту верыць?"
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"