Да выбаршчыкаў Пінска кандыдаты дабяруцца толькі ў канцы кампаніі
Газета “Пінскі веснік” у сваім № 99 ад 14 снежня размесціла абвестку ТВК аб маючых адбыцца сустрэчах з выбаршчыкамі. Згодна з абвесткай, заўтра, 15 снежня, ў пінскім гарадскім доме культуры сустрэчу з выбаршчыкамі правядзе “губернатар” Брэсцкай вобласці Канстанцін Сумар, давераная асоба Аляксандра Лукашэнкі. А 16 снежня свае сустрэчы правядуць Уладзімір Рымашэўскі і Яраслаў Раманчук.
Варта адзначыць, што гэта першыя афіцыйныя сустрэчы з выбаршчыкамі ў Пінску. Да гэтага часу ні кандыдаты ў Прэзідэнты, ні іх давераныя асобы ў Пінск не даязджалі. Асабліва дзіўна выглядае такая пасіўнасць з боку альтэрнатыўных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта. Атрымалася, што горад са 130 тысячным насельніцтвам не трапіў у агітацыйныя маршруты.
Цікава, што раней брэсцкія чыноўнікі і буйныя мэнеджэры, якія з’яўляюцца даверанымі асобамі дзеючага кіраўніка дзяржавы, ужо наведвалі сталіцу Палесся і сустракаліся з пінчукамі ў працоўных калектывах. Але ж рабілі гэта толькі як дзяржслужачыя ці як дэлегаты Усебеларускага народнага сходу. Гэта рабілі той жа старшыня Брэсцкага аблвыканкаму Канстанцін Сумар і генеральны дырэктар “Санта-Імпэкс-Брэст” Аляксандр Машанскі.
Цікава, што пра ранейшыя арганізаваныя сустрэчы з выбаршчыкамі ў мясцовых СМІ анонсаў не было. Хаця вядома, што 9 снежня такую сустрэчу ў ГДК праводзіў Аляксандр Машэнскі, генеральны дырэктар “Санта-Імпэкс-Брэст”, які з’яўляецца даверанай асобай дзеючага кіраўніка дзяржавы. Прынамсі, постфактум аб гэтым пісала раённая газета “Палеская праўда” за № 98, ад 11 снежня.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”