Гродзеншчына: Рэгістрацыя назіральнікаў выявіла нізкую кампетэнтнасць і падпарадкаванасць камісій
Ужо толькі рэгістрацыя незалежных назіральнікаў выявіла на Гродзеншчыне слабое веданне выбарчага права ў прадстаўнікоў участковых камісій, а таксама іх падпарадкаванасць выканаўчай уладзе.
У Наваельні (Дзятлаўскі раён) назіральніца Анжэла Ламака змагла зарэгістравацца толькі з трэцяга разу. З раніцы 13 снежня на выбарчым участку была толькі адна прадстаўніца камісіі, якая паведаміла, што ўсе іншыя знаходзяцца ў мясцовым пасялковым савеце на інструктажы. Прадстаўніца камісіі нават не ведала пра існаванне адмысловага журналу для рэгістрацыі назіральнікаў. Па некаторых дадзеных, Дзятлаўскім кіраўніцтвам БРСМ было дадзена ўказанне сябрам гэтай арганізацыі зрываць перадвыбарчыя плакаты апазіцыйных кандыдатаў.
У Абухаве (Гродзенскі раён) 13 снежня ўчастковая выбарчая камісія па Абухаўскім участку для галасавання №24 не працавала ў вызначаны рэгламентам час. Незалежныя назіральніцы Галіна Дзербыш і Алена Рапекта з гэтай прычыны выклікалі старшыню камісіі. Урэшце яны былі зарэгістраваныя з раніцы 14 снежня.
У Гродне некаторых назіральнікаў не хацелі рэгістраваць з-за адсутнасці пячаткі ў пратаколах ад палітычных партый. Прыкладам, Ірыну Лясоцкую напярэдадні зарэгістравалі назіральніцай на выбарчым участку №98 Кастрычніцкага раёна, а з раніцы сказалі, што яна не мае права назіраць, паколькі ў накіраванні ад Гродзенскай абласной арганізацыі Партыі БСДГ няма пячаткі. Ірына Лясоцкая сказала, каб камісія выдала ёй пісьмовую адмову, пасля чаго яе нарэшце дапусцілі да назірання. З-за адсутнасці пячаткі не хацелі на пачатку рэгістраваць і Людмілу Сцярніцкую на ўчастку №4 Ленінскага раёна.
Надзвычай паказальны выпадак здарыўся на ўчастку №97 Кастрычніцкага раёну, дзе не хацелі рэгістраваць назіральніцу Валянціну Асташанку, у накіраванні якой ужо ад іншай партыі – БСДП – таксама не было пячаткі. Цікава, што пры гэтым старшыня камісіі, дырэктар СШ №34 Яўген Карпук стаў тэлефанаваць у адміністрацыю Кастрычніцкага раёна. Урэшце на ўчастак прыехаў праваабаронец Раман Юргель. Яўген Карпук зноў стаў тэлефанаваць начальніку арганізацыйнага аддзелу адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віталю Шуту, які, дарэчы, якраз і займаўся фармаваннем участковых камісій. Той таксама сказаў, што патрэбна пячатка. Урэшце слухаўку ўзяў Раман Юргель, які запытаўся, на якой падставе прадстаўнік выканаўчай улады ўмешваецца ў працу выбарчай камісіі, на што Віталь Шут сказаў, што ён жа не прыехаў на выбарчы ўчастак, а проста раіць праз тэлефон. Усё скончылася тым, што незалежную назіральніцу зарэгістравалі, а старшыня ўчастковай камісіі Яўген Карпук папрасіў прабачэння.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”