Выбарчыя камісіі Горацкага і Дрыбінскага раёнаў усімі сіламі "адбіваюцца" ад рэгістрацыі назіральнікаў
Пра гэта паведаміла прэс-служба Асамблеі НДА.
15 сакавіка на паседжаньні Дрыбінскай раённай камісіі была разгледжаная скарга Мікалая Юркова, які быў вылучаны туды грамадзянамі ў якасьці назіральніка. Перш чым зьбіраць подпісы, М. Юркоў прыйшоў у камісію і папрасіў растлумачыць, па якой форме трэба складаць заяву. Яму быў раздрукаваны і выдадзены блянк, а таксама растлумачана, як яго трэба запаўняць. У той жа дзень заява з трыццацю сабранымі подпісамі была прынесена ў камісію, дзе назіральніку адказалі, што яна складзеная няправільна, таму ў рэгістрацыі адмовілі. Сямідзесяцігадовы Мікалай Юркоў адразу ж напісаў скаргу. Ён таксама патрабаваў тэрмінова даць яму пісьмовы адказ, каб мець магчымасьць зьвярнуцца зь ім да міжнародных назіральнікаў. Пасьля гэтага камісія задаволіла скаргу і М. Юркоў быў зарэгістраваны.
Старшыня Міронаўскага участку № 9 г. Горкі спадарыня Нікіценка адмовіла ў рэгістрацыі назіральніку Зьміцеру Міхалёву, спаслаўшыся на тое, што ў яго «не па форме складзеная заява». На пытаньне, як правільна скласьці заяву, старшыня камісіі адказала, што гэтага ня ведае. Дарэчы, у палове адзінаццатай гадзіны раніцы 15 сакавіка, калі назіральнік прыйшоў у камісію, там яшчэ не было ні кабіны, ні месцаў для назіральнікаў, а рабочыя толькі пачалі абсталяваньне памяшканьня.