Слуханні па зыску Міністэрства інфармацыі да рэдакцыі газеты "Згода" аб спыненні дзейнасці выдання пачнуцца ў Вышэйшым гаспадарчым судзе (ВГС) 17 сакавіка а 10-ай гадзіне
Як паведаміла прэс-служба БАЖу, такое рашэньне 15 сакавіка вызначыла суддзя ВГС Аксана Міхнюк на падрыхтоўчым судовым паседжанні.
Суддзя прапаноўвала пачаць разгляд справы па сутнасці ўжо 15 сакавіка, нягледзячы на тое, што не скончыўся тэрмін абскарджання папярэджання, вынесенага выданню 23 лютага Міністэрствам інфармацыі. Аднак прадстаўнікі рэдакцыі газеты "Згода" запярэчылі, падкрэсліўшы, што на абскарджанне папярэджання закон аб друку дае месяц, і да гэтага часу няма падставаў для судовага прыпынення дзейнасці газеты. Урэшце суддзя перанесла слуханні.
Хадайніцтва рэдакцыі "Згоды" адмяніць судовую пастанову аб прыпыненні газеты да вынясення рашэння па сутнасці суд адхіліў. (Прыпыненне дзейнасці газеты адбылося па просьбе Міністэрства інфармацыі ў якасці "забеспячэння зыску"). У хадайніцтве а адмене гэтага рашэння адказчыкі пазначылі, што "прыпынене дзейнасці газеты да рашэння суда ніякім чынам не можа паўплываць на выкананне яшчэ не вынесенага судовага рашэння".
Нагадаем, што 6 сакавіка Міністэрства інфармацыі падало ў Вышэйшы Гаспадарчы суд зыск аб спыненні дзейнасці недзяржаўнай газеты "Згода". 7 сакавіка ВГС прыняў зыск да разгляду, а таксама, па просьбе міністэрства, прыпыніў газету яшчэ да суда. Падставай для спынення дзейнасці "Згоды", на думку мінінфармацыі, з'яўляецца неаднаразовае парушэнне рэдакцыяй патрабаванняў арт. 5 Закона "Аб друку і іншых СМІ" (першае папярэджанне па гэтым артыкуле было вынесена 9 лістапада і тычылася гумарыстычных калажаў з выявамі высокіх дзяржаўных асобаў; другое было вынесена 23 лютага за перадрукоўку малюнкаў, што сталіся прычынай "карыкатурнага скандалу"). Акрамя гэтага, міністэрства прасіла прыпыніць газету, не чакаючы вынікаў суда, бо, маўляў, за гэты час "адказчык можа груба парушыць патрабаванні закона аб друку".