viasna on patreon

Салігорск: Павышаная ўвага міліцыі да сустрэчы са Статкевічам і Усам

2010 2010-12-11T13:06:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/saligorsk-sustr-stat-5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

10 снежня ў зале гарадскога Палаца культуры адбылася сустрэча кандыдатаў у прэзідэнты Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Уса з жыхарамі Салігорска. Нягледзячы на пэўныя складанасці пры распаўсюдзе інфармацыі аб прыездзе кандыдатаў, ў зале сабралася больш за тры сотні чалавек.

Мерапрыемства праходзіла ў спакойнай абстаноўцы і доўжылася каля дзвюх гадзін. Тым не менш, у адрозненне ад ранейшых сустрэч з кандыдатамі Яраславам Раманчуком і Андрэем Саннікавым, назіралася павышаная ўвага да гэтай падзеі з боку праваахоўных органаў. Гэта выяўлялася ў большай колькасці супрацоўнікаў міліцыі ў форме і прадстаўнікоў спецслужб у цывільным.

За некалькі хвілін да з'яўлення ў зале кандыдатаў адбыўся непрыемны інцыдэнт. Да праваабаронцы з Беларускага Хельсінскага камітэту Аляксея Валабуева, які наладжваў фотаапаратуру і рабіў тэставыя здымкі, падышоў афіцэр Салігорскага РАУС Кругленя і ва ўльтыматыўнай форме запатрабаваў выйсці разам з ім з залы "для гутаркі". Атрымаўшы адмову на незаконнае патрабаванне, супрацоўнік міліцыі настойліва папрасіў выдаліць некалькі зробленых фотаздымкаў. Не дабіўшыся ад праваабаронцы запатрабаванага, афіцэр сышоў. 

На думку Аляксея Валабуева, павышаная ўвага з боку ўладаў да сустрэчы кандыдатаў была выклікана вельмі крытычнай і рашучай пазіцыяй Мікалая Статкевіча ў дачыненні да цяперашняга палітычнага рэжыму. Падвойную колькасць прадстаўнікоў сілавых ведамстваў магла выклікаць таксама і прысутнасць двух кандыдатаў на гэтай сустрэчы.

Напрыканцы адзначым, што за ходам сустрэчы вялі назіранне прадстаўнікі місіі БДІПЧ АБСЕ.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства