Гродна: Міхалевіч пайшоў па кабінетах аблвыканкаму
9 снежня горад над Нёманам наведаў кандыдат у прэзідэнты Аляксей Міхалевіч. Разам з сябрамі сваёй каманды ўдзень ён зрабіў нестантартны крок і пайшоў па кабінетах Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэту, дзе размаўляў з чыноўнікамі. А ўвечары ў малой зале абласной філармоніі адбылася сустрэча з выбаршчыкамі, якую вёў старшыня Кастрычніцкай раённай выбарчай камісіі Уладзімір Хлябіч. На сустрэчу, што доўжылася роўна дзве гадзіны, прыйшло каля 90 чалавек. У адрозненне ад гродзенскіх сустрэч іншых кандыдатаў у прэзідэнты Яраслава Раманчука і Віталя Рымашэўскага, якія адбыліся раней і куды прыйшлі пераважна іх прыхільнікі, на сустрэчу з Аляксеем Міхалевічам з’явіліся многія прыхільнікі дзеючага прэзідэнта. Задавалася шмат недарэчных і нават правакацыйных пытанняў, так што кандыдату давялося трымаць некарэктныя, а часам і хамскія выпады.
У ліку іншага Аляксей Міхалевіч расказаў, што ён раней падтрымліваў Аляксандра Мілінкевіча, а сам наважыўся балатавацца пасля таго, як даведаўся што той не пойдзе кандыдаваць. Міхалевіч адзначыў рацыянальнасць як галоўную рысу беларусаў, выступіў за прыватную ўласнасць на зямлю, супраць прымусовага размеркавання і прэзідэнцкіх дэкрэтаў як юрыдычнай формы ўлады. Аляксей Міхалевіч зрабіў прагноз, што хто б не прыйшоў да ўлады зараз, эканамічнае становішча Беларусі ў бліжэйшыя паўгады будзе пагаршацца, пры тым ён запэўніў, што ў выпадку сваёй перамогі стабілізуе сітуацыю за два гады, пасля чаго пачнецца гаспадарчы рост. На пытанне пра нацыянальную сімволіку Аляксей Міхалевіч адказаў, што гэта другаснае пытанне, хоць асабіста ён за тое, каб дазволіць свабодна карыстацца любой незабароненай сімволікай.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”