viasna on patreon

Адвакат Павал Сапелка: Мікалая Аўтуховіча ў калёніі «прэсуюць»

2010 2010-12-11T08:58:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Зь вязьнем Івацэвічкай калёніі Мікалаем Аўтуховічам у калёніі сустрэўся ягоны адвакат Павал Сапелка. Андрэя Бандарэнку трымаюць ў адмысловай камэры і забараняюць перадаваць яму цёплыя рэчы.

Адвакат Павал Сапелка прыехаў на сустрэчу зь Мікалаем Аўтуховічам на ягоную просьбу. Адвакат з падабаронным ня бачыліся некалькі месяцаў, і таму я спытаў, як выглядае Мікалай Аўтуховіч, як ён пачуваецца.

 

Сапелка: «Стаў яшчэ худзейшы. Галоўная праблема такая, што Аўтуховічу зусім ня лечаць зубы, хаця раней яму абяцалі, што лячэньне, якое нібыта пачалося ў Менску падчас знаходжаньня ў сьледчым ізалятары, будзе працягнутае ў калёніі. Але гэтага не адбылося. Увогуле яго там „прэсуюць“, як кажуць, па поўнай.

Зубы ня лечаць, амністыю да яго ўжываць адмовіліся. Нават год з тэрміну не зьнялі. Адміністрацыя калёніі дамагаецца, каб ён прызнаў сябе вінаватым і падпісаў расьпіску аб правапаслухмяных паводзінах. І каб ён удзельнічаў у мастацкай самадзейнасьці. Ён адмаўляецца, і адпаведна яго лічаць парушальнікам парадкаў, хаця гэта зусім не адпавядае рэчаіснасьці».

У калёніі адносна Мікалая Аўтуховіча чыняць розныя правакацыі, кажа адвакат Павал Сапелка. Гэта робяць некаторыя вязьні калёніі, але адвакат не выключае, што ініцыююць такія правакацыі іншыя людзі, каб зрабіць знаходжаньне Мікалая Аўтуховіча ў калёніі невыносным і каб былі падставы абвінаваціць яго ў парушэньнях турэмных парадкаў. Павал Сапелка праз мэдыі зьвярнуўся ў сувязі з гэтым да праваабаронцаў:

«Зьвяртаюся наўпрост да праваабарончых арганізацый і прашу іх у межах іх паўнамоцтваў і іх кампэтэнцыі зьвяртацца ў нацыянальныя і наднацыянальныя арганізацыі. Мэта —спрыяць таму, каб Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў не парушаў правы асуджанага Мікалая Аўтуховіча. Дакладней, незаконна асуджанага Мікалая Аўтуховіча».

Вязень Бабруйскай калёніі, прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка, дагэтуль знаходзіцца ў адмысловай камэры для парушальнікаў турэмных парадкаў — гэтак званай ПКТ. Паводле начальніка турмы там Андрэя пратрымаюць да 13 сьнежня. На гэтым тыдні бацька вязьня Валер Бандарэнка быў на прыёме ў начальніка турмы, але той не дазволіў перадаць Андрэю Бандарэнку у камэру цёплыя рэчы. «Лістоў ад сына няма», — кажа Валер Бандарэнка.

«Сваволю вакол чыняць, нічога не баяцца. Але будзем спадзявацца на лепшае. Што нам застаецца…».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства