Гарадзенцам раздавалі Дэклярацыі правоў чалавека
Грамадскія праваабаронцы прайшліся ад чыгуначнага вакзалу па ўсёй вуліцы Ажэшкі, потым скіраваліся на вуліцу Савецкую і ўрэшце выйшлі на Савецкую плошчу. Акцыя доўжылася каля гадзіны. Цягам усяго маршруту актывісты раздавалі мінакам беларускамоўныя тэксты Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. Праваабаронцы віншавалі жыхароў і тлумачылі сутнасьць гэтага міжнароднага дакументу. Гарадзенцы з ахвотай бралі дэклярацыі, задавалі пытаньні, размаўлялі, хоць надвор’е было неспрыяльнае для вулічных гутарак. Мерапрыемствам таксама зацікавіліся гарадзенскія журналісты, якія ўзялі інтэрв’ю ў праваабаронцаў.
На цэнтральных вуліцах гораду ў гэты час было шмат міліцыянтаў, якія забяспечвалі падрыхтоўку да шэсця Дзядоў Марозаў і снягурак, але на гэты раз гарадзенскім праваабаронцам у раздаваньні дэклярацый ніхто не перашкаджаў.
Нагадаем, што летась за ўдзел у аналагічнай акцыі ў Гародні былі затрыманыя міліцыяй гарадзенскія праваабаронцы Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч і Алег Калінкоў.