Бабруйск: Газета гарвыканкама “падпявае” дзеючаму прэзідэнту і паўтараецца
У апошнім нумары газеты гарвыканкама “Бабруйскае жыццё” (№ 99 ад 10 снежня) выйшла некалькі артыкулаў, прысвечаных выбарам. У адным з іх - пад назвай “Девять претендентов, а позиция одна?” - Аляксандр Цімафееў, па традыцыі, крытыкуе кандыдатаў ад апазіцыі. Канкрэтныя імёны аўтар не называе, а характарызуе ўсіх як адно цэлае.
“Неразвітасць партыйнай сістэмы прывяла да таго, што сярод альтэрнатыўных кандыдатаў няма палітыкаў агульнанацыянальнага ўзроўню. Можна колькі заўгодна разважаць на тэму, што дзяржава, маўляў, не дае гэтым важным інстытутам грамадзянскай супольнасці развівацца, не падтрымлівае іх. Але калі гэтая самая чаканая падтрымка зводзіцца толькі да магчымасці атрымання грашовых сродкаў і піяру ва ўсіх СМІ, то што тады будуць рабіць самі партыйныя дзеячы?” – піша Аляксандр Цімафееў.
Адзіная партыя, якая імкнецца, паводле аўтара артыкула, да ўзмацнення палітычнага ўплыву, гэта БНФ. “… але скрайні нацыяналізм як ідэалогія, быў адрынуты беларускім грамадствам яшчэ ў сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя”. Такім чынам “БЖ” фактычна паўтарае словы дзеючага прэзідэнта, якія прагучалі на Усебеларускім сходзе.
Напрыканцы артыкула аўтар кажа пра мудры беларускі народ, які “умее адрозніваць, дзе проста абяцанні, а дзе рэальная праграма развіцця”.
У гэтым жа нумары “Бабруйскага жыцця” зноў, як і ў нумары 79-м ад 6 кастрычніка, апублікаваны той жа самы зварот каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднанняў, палітычных партый Бабруйска пад назвай “Сохранить и приумножить”. Нагадаем, што ў звароце гараджанаў заклікаюць прыйсці на ўчасткі для галасавання і зрабіць “правільны выбар, прагаласаваўшы за стабільнасць ”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”