Еўрапейскія праваабарончыя арганізацыі пачалі збор подпісаў пад зваротам да дзеючага і будучага прэзідэнта Беларусі
10 снежня, у Дзень правоў чалавека, Беларускі Дом правоў чалавека ў Вільні сумесна з шэрагам еўрапейскіх праваабарончых і грамадскіх арганізацый аб'яўляе пра пачатак электроннага збору подпісаў пад зваротам да дзеючага і будучага абранага прэзідэнта Беларусі на старонцы http://www.belarus-petition.org/.
Ініцыятарамі праекту таксама з'яўляюцца арганізацыі Amnesty International, Libereco, Маладыя еўрапейскія федэралісты, Civil Rights Defenders, Фундацыя дамоў правоў чалавека, Таварыства па правах чалавека ў Беларусі, Ostgruppen, Belarus Watch, People in Need, Codap і "Вольная Беларусь".
Петыцыя змяшчае заклік да выканання Беларуссю правоў, якія з'яўляюцца базавым падмуркам функцыянавання сучаснага грамадства. У прыватнасці, у звароце пералічваюцца наступныя рэкамендацыі:
- увядзенне мараторыя і скасаванне смяротнай кары;
- захаванне права ўсіх беларускіх грамадзян на свабоду слова, сходаў, аб'яднанняў, СМІ і веравызнання;
- дазвол на правядзенне мірных дэманстрацый;
- ахова ўдзельнікаў мірных сходаў ад адміністрацыйнага пераследу;
- забеспячэнне права журналістаў, праваабаронцаў і іншых грамадскіх актывістаў на дзейнасць без пераследу і запалохвання;
- спрашчэнне працэдуры рэгістрацыі грамадскіх аб'яднанняў;
- скасаванне артыкула 193.1 КК, які прадугледжвае турэмнае зняволенне за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
Падпісацца пад онлайн-петыцыяй можна да дня інаўгурацыі абранага прэзідэнта Беларусі. Усе подпісы будуць перададзеныя беларускім уладам і дыпламатычным прадстаўніцтвам за мяжой.
Любая арганізацыя, якая хоча падтрымаць петыцыю, можа звярнуцца на адрас info@belarus-petition.org (на ангельскай або нямецкай мовах). Падпісацца можа і кожны чалавек - па адрасе http://www.belarus-petition.org/.
Заклікаем падтрымаць і распаўсюдзіць петыцыю!