Праваабарончы цэнтр “Вясна” віншуе з Міжнародным днём правоў чалавека!
Шаноўныя калегі, сябры, аднадумцы і апаненты, наведвальнікі сайта Праваабарончага цэнтра “Вясна”! Віншуем вас з Міжнародным днём правоў чалавека!
Сучасныя міжнародныя правы чалавека ўпершыню ўбачылі свет у рамках ААН (Арганізацыі Аб’яднаных Нацый) у 1948 г., калі была прынята Ўсеагульная дэкларацыя правоў чалавека. Толькі тады правы чалавека ўпершыню сталі ўніверсальнымі.
Перадумовамі прыняцця Ўсеагульнай дэкларацыі сталі Другая сусветная вайна і стварэнне ААН. Вайна забрала больш за 50 мільёнаў жыццяў, былі разбураны і знаходзіліся ў руінах цэлыя краіны і тэрыторыі. Нацысцкі рэжым, акрамя захопніцкай вайны супраць іншых краін, вёў вайну супраць асобных груп насельніцтва. Яўрэі, цыгане, гомасэксуалісты, інваліды і іншыя прызнаваліся непаўнавартаснымі нацысцкім рэжымам. Нацысцкая дзяржава інстытуцыяналізавала дыскрымінацыю і прыняла законы аб розным стаўленні да людзей. Нюрнбергскія законы 1935 г. абвяшчалі:
Забараняюцца шлюбы паміж яўрэямі і грамадзянамі нямецкай ці роднаснай крыві (…) Забараняюцца пазашлюбныя сувязі паміж яўрэямі і грамадзянамі нямецкай ці роднаснай крыві. (…) Тыя, хто парушаць гэту забарону, будуць несці пакаранне ў турме.
Канцэнтрацыйныя лагеры або лагеры знішчэння, як іх яшчэ называюць, сталі жахлівым сімвалам зла. У іх былі забіты мільёны людзей, 6 мільёнаў - проста таму, што яны яўрэі.
Агульны вопыт людзей і ўладаў, якія перажылі жахі Другой сусветнай вайны, дазволіў ім прыйсці да згоды аб неабходнасці стварэння сусветнай арганізацыі, закліканай працаваць над падтрыманнем міру ў свеце. ААН была створана ў ЗША у чэрвені 1945 г. на канферэнцыі ў Сан-Францыска, дзе абмяркоўваліся мандат і правілы дзейнасці новай арганізацыі. Тон перамовам задавалі краіны, якія перамаглі ў Другі сусветнай вайне. Першапачаткова іх не моцна цікавілі правы чалавека. Аднак на канферэнцыі прысутнічалі прадстаўнікі многіх недзяржаўных арганізацый, і яны, сумесна з дэлегатамі з шэрагу невялікіх краін, актыўна лабіявалі правы чалавека, спрабуючы вынесці іх у цэнтр абмеркавання. Акрамя гэтай актыўнасці, была яшчэ адна акалічнасць, якая схіліла дзяржавы да ўключэння правоў чалавека ў кола важнейшых задач ААН: справаздачы аб тым, што адбывалася ў канцэнтрацыйных лагерах падчас Другой сусветнай вайны.
Экстрэмальны характар і маштабнасць таго, што адбылося, расплюшчылі вочы сусветнай супольнасці на неабходнасць міжнароднай абароны правоў чалавека. Такая абарона павінна была абапірацца на міждзяржаўную арганізацыю, якая была б здольная спыніць сілавое ўмяшальніцтва і сачыць за тым, каб дзяржавы прымалі законы, адпавядаючыя правам чалавека. Нельга было больш дапусціць, каб улады ў нейкай дзяржаве прыгняталі сваё насельніцтва, а іншыя дзяржавы і міжнародная супольнасць не мелі б права і абавязку ўмяшацца. Статут ААН 1945 г. абвяшчае, што ААН павінна працаваць над умацаваннем міру і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі і абараняць правы чалавека. Аднак у Статуце ААН не гаварылася аб змесце правоў чалавека. Таму была створана спецыяльная камісія для выпрацоўкі азначэнняў правоў чалавека.
Камісія ААН па правах чалавека складалася з 18 краін-удзельніц, якія прадстаўлялі ўсе кантыненты і належалі да розных рэлігій і светапоглядаў, у тым ліку – прадстаўнікі Беларусі. Пасля двух гадоў перамоў праца камісіі завяршылася прыняццем пастановы аб Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ад 10 снежня 1948 г., якая ўспрымаецца шмат кім як найважнейшы дакумент, які ААН калі-небудзь распрацоўвала. З 56 дэлегацый 48 прагаласавала “за”, 8 устрымалася (Беларусь устрымалася таксама). Але ні адна дзяржава не прагаласавала “супраць”.
Усеагульная Дэкларацыя складаецца з 30 артыкулаў, якія даюць азначэнні правам чалавека. З прыняццем Дэкларацыі правы чалавека сталі часткай міжнароднага публічнага права і глабальнай канцэпцыяй. Упершыню ў гісторыі былі распрацаваны міжнародныя правілы, якія апісваюць тое, як дзяржавы павінны ставіцца да сваіх грамадзян. Такім чынам ААН умешвалася ў суверэнітэт дзяржавы. Тое, як органы ўлады ў дзяржаве ставяцца да свайго насельніцтва, перастала быць унутранай справай дзяржавы, а стала і справай міжнароднай супольнасці.
Як гэта было?
Прадстаўнік Амерыкі ў Камісіі па правах чалавека прапанаваў наступны тэкст для Артыкула 1 Дэкларацыі: “Усе людзі створаны роўнымі”, ідэнтычна таму, як запісана ў Дэкларацыі Незалежнасці ЗША (1776). Жаночы прадстаўнік Індыі выказала нязгоду з тым, што ў Дэкларацыі будзе запісана “ўсе людзі, г.з., мужчыны” (паколькі “людзі” ў множным ліку перакладаецца і як “мужчыны”). Яе аргумент быў у тым, што фраза можа быць успрынята літаральна, а як жа тады быць з жанчынамі? Прадстаўніку Савецкага Саюза не спадабалася слова “створаны”, паколькі яно магло намякаць на “створаны па вобразу і падабенству Бога”. Савецкі Саюз не прымаў рэлігію і не мог падпісацца пад падобнай фармулёўкай! Пасля доўгіх дэбатаў нарадзілася нарэшце фармулёўка: “Усе людзі нараджаюцца свабоднымі і роўнымі ў сваёй годнасці і правах”.