Кандрусевіч спрабуе абараніць касцёл св. Язэпа ад перабудовы
Архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч яшчэ раз заклікаў беларускія ўлады перадаць вернікам і канчаткова адмовіцца ад перабудовы ў гатэль касцёла святога Язэпа і кляштара бернардынцаў ў цэнтры Мінска.
На думку каталіцкага архіепіскапа, будынак гэты мусіць быць найхутчэй аддадзены для правядзення там менавіта рэлігійных мерапрыемстваў:
- Яшчэ адна балячка Мінска гэта кляштар бернардынцаў: тое, што там будзе гатэль. Гэта ж не вырашыць праблемы гатэляў у Мінску, але заўжды ўсе будуць паказваць пальцам, што ў намоленым месцы не святыя рэчы адбываюцца.
Змаганне за касцёл святога Язэпа і кляштар бернардынцаў сталічныя вернікі працягваюць з 2005 года – менавіта ад гэтага моманту побач з будынкам касцёлу штовечар праводзяцца малітвы за яго вяртанне. Апроч гэтага ўвосень гэтага года ў абарону касцёла рэзка выступілі актывісты аргкамітэту партыі БХД, якія цягам месяца кожны дзень праводзілі вулічныя акцыі побач са святыняй.
Цяпер у абарону касцёла святога Язэпа створаны адмысловы грамадскі камітэт, актывісты якога рыхтуюць на вясну наступнага году гарадскі рэферэндум у Мінску па гэтым пытанні.