Магілёў. Праваабаронца скардзіцца на Цэнтрвыбаркам у Вярхоўны суд
Магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель накіраваў скаргу ў Вярхоўны суд на парушэнне Цэнтральнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Канстытуцыі, Выбарчага кодэкса, а таксама Палажэння аб парадку функцыявання інтэрнэт-сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый, якое выражаецца ў незаконным утойванні сваіх пастановаў ад шырокай грамадскасці.
Барыс Бухель патрабуе, каб Цэнтрвыбаркам размесціў на сваім афіцыйным сайце ў адпаведных рубрыках 124 пастановы, якія дагэтуль не размешчаны на ім. Акрамя гэтага ён просіць абавязаць Цэнтрвыбаркам у рубрыцы “Пастановы Цэнтральнай камісіі” заўсёды і без затрымак пасля прыняцця пастановаў размяшчаць тэксты гэтых пастановаў усе без выключэнняў, а таксама абавязаць Цэнтральную камісію на сваім сайце ў рубрыцы “Паведамленні ЦВК” паведаміць аб рашэнні Вярхоўнага суда і патлумачыць па якой прычыне гэтыя пастановы не былі своечасова размешчаны на іх уласным сайце. За парушэнне заканадаўства Цэнтрвыбаркамам праваабаронца просіць вынесці камісіі прыватнае вызначэнне за парушэнне заканадаўства ў галіне справаводства.
“Перад тым, як накіраваць скаргу ў Вярхоўны суд, я звяртаўся ў Цэнтральную выбарчую камісію, - гаворыць праваабаронца, - якая мне дала адказ, з якім я не магу пагадзіцца”.
У адказе гаворыцца, што пытанне напаўнення сайтаў дзяржаўных органаў урэгулявана ў Палажэнні аб парадку функцыянавання інтэрнэт-сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый, якое зацверджана Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь дзе сцвярджаецца, што ўстаноўленыя Палажэннем параметры напаўнення сайты цалкам выконваюцца Цэнтральнай камісіяй.
Барыс Бухель сцвярджае, што гэты адказ з’яўляецца пустаслоўным.
“У п.2 гэтага Палажэння сказана, што ”мэтамі стварэння і функцыянавання інтэрнэт-сайтаў дзяржаўных органаў і арганізацый з’яўляюцца: прадастаўленне афіцыйнай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў і арганізацый; своечасовае забеспячэнне грамадзян і юрыдычных асоб поўнай і праўдзівай інфармацыяй; спрыянне грамадзянам Рэспублікі Беларусь у рэалізацыі іх правоў і законных інтарэсаў. Акрамя гэтага ў Палажэнні пазначана, што інфармацыя на інтэрнэт-сайтах размяшчаецца з улікам патрабаванняў актуальнасці, аператыўнасці, пэўнасці і мэтазгоднасці", - адзначае Барыс Бухель. - Па-першае, пастановы на сайце размешчаны не цэласна, а выбарча, па-другое – яны не праходзяць пад грыфам “Сакрэтна” альбо “Для службовага карыстання”, таму незразумелыя матывы неразмяшчэння гэтых Пастановаў на сайце, па-трэцяе – для выбаршчыкаў, асабліва для актыўных удзельнікаў выбарчага працэсу, абсалютна ўсе пастановы ЦВК актуальныя”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”