Кіраўнік місіі АБСЕ сустрэўся ў Оршы з назіральнікамі і кіраўнікамі штабоў кандыдатаў
7 снежня ў Оршы пабываў Кіраўнік місіі назіральнікаў АБСЕ Герт Арэнс. Сярод іншага ён правёў сустрэчы з кіраўніцтвам гарвыканкама, тэрытарыяльных выбарчых камісій, штабамі кандыдатаў у Прэзідэнты і назіральнікамі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары".
На сустрэчы з назіральнікамі і прадстаўнікамі штабоў спадар Арэнс цікавіўся ходам выбарчай кампаніі, адпаведнасцю яе этапаў дзеючаму заканадаўству, існуючымі праблемамі.
Асабліва было падкрэслена, што місія назіральнікаў АБСЕ не ставіць перад сабой якіх-небудзь палітычных мэтаў. Яе задача - даць аб'ектыўнае заключэнне пра тое, наколькі прэзідэнцкія выбары былі свабоднымі і справядлівымі.
У прысутных актывістаў выбарчых штабоў склалася ўражанне, што спадар Арэнс досыць глыбока дасведчаны пра сітуацыю ў Рэспубліцы Беларусь і ў дасканаласці валодае інфармацыяй пра ўсе аспекты кампаніі. Асноўны ўпор у ходзе гутаркі быў зроблены на пытанні справядлівага падліку галасоў і адпаведнасці вынікаў датэрміновага галасавання рэальнаму волевыяўленьню грамадзян.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"