Жодзіна: Месцы для агітацыйных матэрыялаў – не падрыхтаваны
Установы і прадпрыемствы горада да гэтага часу не гатовы прадстаўляць месцы для друкаваных агітацыйных матэрыялаў. Пра гэта стала вядома ад А.Камароўскага – прадстаўніка перадвыбарчага штаба У. Някляева і Ю.Сілкіна -- актывіста каманды А. Саннікава ў Жодзіне.
Прадстаўнікі выбарчых штабоў сведчаць, што па ўсім горадзе на дадзены момант вызначаныя ў рашэнні выканкаму інфармацыйныя стэды ў памяшканнях і на прахадных прадпрыемстваў і ўстановаў гораду аказаліся непадрыхтаванымі. Дошкі аб’яваў на вуліцы – зусім не прыстасаваныя для размяшчэння друкаваных матэыялаў, як і прыпынкі гарадскога транспарту.
Разам з тым, уся афіцыйная прадукцыя перадвыбарча-агітацыйнай тэматыкі размешчана з падачы ідэалагічных аддзелаў прадпрыемстваў на самых бачных і ахоўваемых месцах (на фота).
Юрый Сілкін адзначае: “Развешваць агітматэрыялы практычна няма дзе. Клеіць каляровую агітпрадукцыю, вырабленую за грошы ЦВК, на адкрытых пляцоўках, на залепленых папераю інфармацыйных тумбах (якіх таксама скрайне мала) раўназначна страце гэтае прадукцыі. Практыка паказвае, што яе хутка альбо заклейваюць, альбо абдзіраюць невядомыя, бо ніхто гэтыя месцы не ахоўвае. А неабходных стэндаў у памяшканнях ці на прахадных розных установаў дагэтуль няма.
Юрый Сілкін распавёў, што раніцай 6 снежня яму не ўдалося аператыўна размясціць агітацыйныя плакаты кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева ў цэнтральным аддзяленні «Беларусбанку», універсаме «Цэнтральны» і жодзінскім універмагу. Прадстаўнікі адміністрацый дазеных устаноў матывавалі свае адмовы тым, што на тэрыторыі іх устаноў не падрыхтаваны неабходныя інфармацыйныя стэнды. Аднак пасля таго, як давераная асоба паведаміла пра намер абскарджваць дзеянні адміністрацый, там усё ж пагадзілася ўзяць агітацыяныя матэрыялы кандыдата і самастойна вызначыцца з месцамі іх размяшчэння.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”