Слуцк: Раманчук сустрэўся з выбаршчыкамі ў неацяпляемым Доме культуры
Каля 70 выбаршчыкаў, якія прыйшлі 5 снежня на сустрэчу з кандыдатам у прэзідэнты Яраславам Раманчуком, каля дзвюх гадзін правялі ў неацяпляемай зале Дома культуры.
Ахвочых паразмаўляць з кандыдатам аказалася больш, чым з Рыгорам Кастусёвым, але менш, чым з Андрэем Саннікавым. Інфармацыя пра сустрэчу з Раманчуком публікавалася ў рэгіянальнай газеце “Інфа-Кур'ер” і раёнцы “Слуцкий край”. Акрамя таго, слуцкі штаб кандыдата расклеіў па горадзе абвесткі з запрашэннем наведаць мерапрыемства.
Разам з Яраславам Раманчуком у Слуцак прыехалі яго давераныя асобы Анатоль Лябедзька і Леанід Заіка. На сустрэчы з кандыдатам прысутнічалі начальнік аддзела ідэалогіі Слуцкага райвыканкама Ларыса Дабравольская, рэдактар раённай газеты “Слуцкий край” Анатоль Жук, доўгатэрміновыя назіральнікі АБСЕ Бёрн-Эрык Лундквіст і Марцін Бжазоўскі.
Ідэолаг і рэдактар “раёнкі” не задалі кандыдату пытанняў, не адрэагаваўшы на ягонае абяцанне ў выпадку прыходу да ўлады скараціць чынавенскі апарат і пакінуць ідэолагаў без працы.
На гэтым тыдні сустрэчу са слуцкімі выбаршчыкамі правядзе Ўладзімір Някляеў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”