Сціплае замоўчванне агітацыйных мэтаў сустрэчы Барыса Батуры з барысаўчанамі
Дзяржаўныя крыніцы інфармацыі замоўчваюць, што старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура правёў у Барысаве сустрэчу з выбаршчыкамі як давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі.
“Беларусь у будучай пяцігодцы захавае сацыяльную накіраванасць развіцця. Пра гэта заявіў на сустрэчы з жыхарамі Барысава і Барысаўскага раёна старшыня Мінаблвыканкама Барыс Батура”, паведамляе сайт Мінскага аблвыканкама. “У гарадскім Палацы культуры адбылася сустрэча старшыні Мінаблвыканкама Барыса Васільевіча Батуры з жыхарамі Барысаўскага рэгіёна”, паўтарае сайт газеты “Адзiнства” Барысаўскага райвыканкама. Пры гэтым ніводная з крыніц не абмовілася пра тое, што Барыс Батура з'яўляецца даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі і на сустрэчы, якая прайшла ў пятніцу, 3 снежня, у Барысаве ён некалькі разоў заклікаў прысутных галасаваць менавіта за Лукашэнку.
Сустрэча праходзіла ў вялікай зале гарадскога Палаца культуры і пачыналася ў 16.00. Зала была поўнай. Аднак некаторыя з гледачоў не хавалі, што іх загадзя адпусцілі з працы з адной умовай: яны павінны былі быць у зале ўжо ў 15.45. Доўгі аповяд Батуры пра поспехі працы ўлады не раз падагульняўся заклікам галасаваць за дзеючага прэзідэнта. Пафас выступу вельмі хутка загасілі пытанні жыхароў горада. Так, да мікрафона падышоў прадстаўнік адміністрацыі Крыштальнага заводу, які прамым тэкстам прасіў выратаваць прадпрыемства ад немінучага краху. Людзі распавядалі пра свае праблемы, якія так і не былі вырашаны ўладай. Прысутным запомнілася, як яшчэ адна давераная асоба кандыдата Лукашэнкі - дырэктар адной з сярэдніх школ Аляксандр Жэжа - доўга не даваў мікрафон праваабаронцу Алегу Мацкевічу. Нарэшце, калі Мацкевіч пачаў выкрыкваць сваё пытанне, Батура загадаў Жэжу даць яму мікрафон.
Алег Мацкевіч задаў пытанне: “Наша краіна не выконвае рашэнняў Камітэта па правах чалавека ААН. Калі Лукашэнка застанецца ва ўладзе зноў, ці будуць гэтыя рашэнні нарэшце выконвацца?”. Зразумелага адказу не было. Падобна на тое, што старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта проста не валодае тэмай і не ведае пра рашэнні, якія тычацца парушэнняў Беларуссю Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Усе гэтыя нюансы не ўвайшлі ў рэпартажы інтэрнэт-сайтаў Мінаблвыканкама, мясцовай газеты і агенцтва БЕЛТА. З іх інфармацыі вынікае, што Барыс Батура сустракаўся з жыхарамі Барысава выключна як старшыня аблвыканкама.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”