viasna on patreon

Мінск: На сустрэчы з кандыдатамі прыходзяць правакатары

2010 2010-12-06T16:13:45+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pravakatary-2006.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На сустрэчах кандыдатаў у прэзідэнты з выбаршчыкамі ў Мінску нярэдкія выпадкі ўмяшання правакатараў. Як правіла, гэта людзі ў цывільнай вопратцы, рознага ўзросту і, на выгляд, сацыяльнай прыналежнасці, аб’яднаныя агульнай рысай: імкненнем задаваць бессэнсоўныя пытанні ці проста марнаваць адведзены для сустрэчы час.

Калі намагчыся абыйсці ўсе месцы сустрэч кандыдатаў з насельніцтвам, можна вылучыць некалькі тыпаў правакатараў: “пітушчы мужчына, які прыбіўся выпадкова пабуяніць”, “інтэлігент, які шчыра хоча абараніць дзеючую ўладу”, “нахабны маладзён з БРСМу”. На самай справе кожны тыпаж у жыцці можа быць і непітушчым, і не фанатыкам Лукашэнкі, і не сябрам БРСМ.

“Толькі я сабралася задаць пытанне Саннікаву, які мяне зацікавіў як кандыдат найбольш, як выскачыў невядомы такога выгляду, як ён толькі што з запою выйшаў, і даваў пытацца нейкую лухту, -- распавяла жыхарка Фрунзенскага раёну Мінска Наталля. – Разам з іншымі прысутнымі мы не маглі зразумець сутнасць пытання гэтага чалавека. Маўляў, учора да мяне прыехаў сябра з замежжа, мы выпілі гарэлкі, потым яшчэ, потым пачалі казаць пра выбары… І гэтак 10 хвілін!”—абураецца жанчына. Па яе словах, у рэшцэ рэшт частка людзей у актавай зале харэаграфічнага ліцэю, дзе ладзілася сустрэча, не вытрымала і выкінула некалькі правакатараў з памяшкання. “Там прысутнічала шмат добрых, інтэлігентных людзей. Я так і сказала нахабнікам: калі інтэлігенцыя вам не скажа вашымі ж словамі, то я – чалавек просты. Да мяне далучыліся мужчыны і дапамаглі выкінуць “алкашоў” прэч”.  Цікава, што падобная карціна час ад часу назіраецца і на сустрэчах іншых кандыдатаў.

Тым часам пра самі сустрэчы жыхарам Мінска даведацца амаль няма дзе. Хто мае дома ці на працы інтэрнэт, той даведваецца пра час і месца сустрэч альтэрнатыўных кандыдатаў з выбаршчыкамі з апазіцыйных інтэрнэт-сайтаў. Далей гэтая інфармацыя, як кажуць, ідзе ў народ, перадаючыся з вуснаў у вусны, з мабільніка ў мабільнік. Ніводная дзяржаўная газета, уключна з мінскімі гарадскімі і раённымі выданнямі, не анансуе запланаваныя сустрэчы кандыдатаў. Аднак жадаючыя паслухаць іх запаўняюць залы і нават затыкаюць рот падазроным асобам, якія прыйшлі перашкаджаць.             

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

На здымку: Група правакатараў спрабуе сарваць сустрэчу Аляксандра Мілінкевіча з выбаршчыкамі. Сакавік, 2006 года

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства