Брэст: Статкевіч і Ус атрымалі блаславенне і перадалі садавіну інвалідам
Па дарозе на сустрэчу з выбаршчыкамі ў Брэсце кандыдаты ў прэзідэнты Мікалай Статкевіч і Дзмітрый Ус заехалі ў Свята-Міхайлаўскую царкву ў вёсцы Сцепанкі Жабінкаўскага раёна, дзе атрымалі блаславенне ад айца Сергія, які адслужыў набажэнства за здароўе кандыдатаў. Як распавёў Мікалай Статкевіч, прапанова наведаць царкву паступіла ад ягоных брэсцкіх прыхільнікаў, і ён вырашыў скарыстацца такой магчымасцю.
Паколькі візіт у Брэст супаў з Міжнародным днём інвалідаў, кандыдаты ў прэзідэнты наведалі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна абласнога цэнтра і перадалі людзям з абмежаванымі магчымасцямі садавіну. Акрамя таго, Мікалай Статкевіч і Дзмітрый Ус пабывалі на адным з самых праблемных прадпрыемстваў горада - Брэсцкім электрамеханічным заводзе, прычым ад сустрэчы не ўхілілася і кіраўніцтва прамысловага прадпрыемства, якое арганізавала своеасаблівую экскурсію для кандыдатаў па цэхах заводу і закансерваваных пляцоўках. Увечары 3 снежня Статкевіч і Ус сустрэліся з выбаршчыкамі ў абласным Палацы культуры прафсаюзаў, дзе сабралася больш за 200 чалавек. Як паведаміў Віктар Чайкоўскі, давераная асоба Мікалая Статкевіча, падчас гэтай сустрэчы былі спробы прадстаўнікоў ідэалагічнага аддзела гарвыканкама перавесці дыскусію ў правакацыйнае рэчышча, але кандыдат паводзіў сябе годна і адказваў на ўсе пытанні.
Акрамя таго, Статкевіч выказаўся адносна магчымасці фальсіфікацыі выбараў. На яго погляд, паколькі беларускія выбарчыя бюлетэні не маюць ступеняў абароны, дакладная іх колькасць, падрыхтаваная да выбараў, невядома. А самая галоўная праблема, па меркаванні апазіцыйнага палітыка, што ў Беларусі ў апошнія гады ніхто не ведае, які на самай справе вынік выбараў: “Ні людзі, якія галасавалі, ні ўлада, таму што яна голасы не лічыць”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”