З падлеткаў, падазраваных па справе аб гучным забойстве ў Віцебску, выбівалі паказанні
Магілёўскі абласны суд 29 лістапада прызнаў невінаватымі дваіх непаўнагадовых віцяблянаў — Аляксандра Логінава і Аляксандра Напаюка, абвінавачваных у забойстве, здзейсненым з асаблівай жорсткасцю групай асоб (па пп. 6; 15, ч.ІІ, арт. 139 КК. РБ), у чэрвені 2009 года ў Віцебску. Пасля абвяшчэння прысуду абвінавачаныя былі вызваленыя з-пад варты ў зале судовага пасяджэння. За кратамі яны правялі амаль паўтара года — 10 месяцаў цягнулася следства і 7 — судовыя пасяджэнні.
Зверскае забойства (пацярпелы памёр ад 63-х нажавых раненняў і шматлікіх удараў) 31-гадовага беспрацоўнага было здзейснена 14 чэрвеня 2009 г. недалёка ад абласной бальніцы ў Віцебску.
У аператыўных работнікаў Першамайскага РАУС зачэпак не было, затое на носе быў чарговы «Славянскі базар» з абавязковым наведваннем горада прэзідэнтам. А чуткі пра крывавае злачынства ўжо распаўзаюцца па абласным цэнтры. Супакоіць народ можна было гучнай заявай аб затрыманні злачынца. І тут пад руку мясцовым Шэрлакам трапіліся трое дзевяцікласнікаў
віцебскай гімназіі № 7 — Логінаў, Напаюк і Аўчароў. Яны прыйшлі на наступны дзень пасля забойства (яшчэ не ведалі пра злачынства) на тое самае месца ля пажарнага вадаёма за абласной бальніцай адзначыць сканчэнне навучальнага года.
Усё як у танным дэтэктыве: забойцы, маўляў, вяртаюцца на месца крывавай разборкі (на наступны дзень!). Акрамя таго, на думку операў, гімназісты павінны былі стаць «зручным матэрыялам» для абвінавачвання, бо ўсе трое — з няпоўных сем’яў. Іх выхоўвалі маці-адзіночкі, а Аляксандра Напаюка — і ўвогуле адна бабуля. Следства, мабыць, ніяк не разлічваў на супраціў…
Праз два тыдні школьнікі былі арыштаваныя. Прычым следства адразу пайшло па шляху найменшага супраціву — запалохвання сведак і падазраваных, фальсіфікацыі фактаў, прымянення фізічнага і псіхалагічнага гвалту ў адносінах да непаўналетніх з мэтай дачы хлуслівых паказанняў. А ў наступным (калі стала зразумела, што зрабіць з невінаватых вінаватымі будзе не так проста) — і шляхам зацягвання часу. Спіс парушэнняў заканадаўства, дапушчаных следчымі органамі, адвакат зачытвала ў судзе больш за гадзіну (сярод іх і парушэнне права на абарону ад першага дня затрымання). А аповед абвінавачаных аб катаваньнях, якія ўжываліся ў адносінах да іх у Першамайскім РАУС, нельга было слухаць без унутранага ўздрыгу.
З аповеда Аляксандра Логінава:
«Завялі ў кабінет № 19 (там ёсць шторы), было пяць чалавек, зачынілі дзверы на ключ (або зашчапку), спачатку паклалі на падлогу, адзін з іх, які пры затрыманні вёў машыну, дастаў пісталет, прыставіў да ілба, засунулі пісталет ў рот, крычалі, каб прызнаваўся. Потым паднялі з падлогі, паклалі на стол жыватом уніз, адзін узяў адкрутку і пачаў круціць перад вачыма са словамі: «Зараз засуну, куды трэба». Затым пасадзілі на крэсла, сталі біць па галаве далонямі. Усё гэта суправаджалася патрабаваннямі прызнацца… Пасля гэтага пратрымалі ў боксе каля 2 гадзін, затым у кабінеце кагосьці з кіраўніцтва было сказана: «Зараз завязем на Дзвіну, возьмем за ногі і патрымаем у вадзе».
Дарэчы, у ІЧУ непаўналетніх, парушаючы закон, трымалі ў камерах разам з дарослымі…
Гэта толькі адно з сведчанняў. 16-гадоваму Аляксандру Аўчарову пасля допытаў у РАУС давялося рабіць сур’ёзную аперацыю на селязёнцы. Цалкам магчыма, што менавіта таму Аўчароў далей не фігураваў у крымінальнай справе. Супрацоўнікі міліцыі спалохаліся?
Як бы там ні было, але двое з трох хлапчукоў падпісалі пад катаваннямі яўку з павіннай. Тут, акрамя фізічнага прымусу, сваю ролю адыграў і псіхалагічны ціск.
Кожнаму з іх казалі, што двое яго сяброў ўжо далі паказанні супраць яго і адпушчаныя дадому.
У выніку не абгаварыў сябе толькі адзін з падазраваных (Аляксандр Логінаў).
Цікава, што ў якасці асноўнага сведкі выступала неаднаразова судзімая 15-гадовая (!) жыхарка Віцебска, што трапілася напярэдадні дня забойства на крадзяжы кашалька і праходзіла раней па гэтай жа справе ў якасці падазраванай. Бацькі затрыманых ўпэўненыя, што сведка была падкуплены супрацоўнікамі міліцыі і пайшла на ілжэсведчаньне, каб пазбегнуць пакарання за чарговы крадзеж.
У ходзе следства яна мяняла свае паказанні шэсць разоў (падлічана адвакатамі), няправільна паказваючы часам нават месца забойства (не кажучы аб удзельніках). У далейшым у справе з’яўляліся і схаваныя сведкі, у ролі якіх выступалі альбо былыя, альбо сапраўдныя зэкі, якіх падсаджвалі ў камеры да абвінавачваных ужо ў Мінску (калі справа пачала «гарэць», яе перадалі ў рэспубліканскую пракуратуру, сьледчаму Шчацько).
У той жа час, як паказалі адвакаты, шматлікія сведкі абароны дапытаныя не былі або іх паказанні проста не прымаліся пад увагу. Як зрэшты і аб’ектыўнае алібі: раздрукоўкі тэлефонных званкоў паказвалі на тое, што абвінавачаныя не маглі знаходзіцца падчас забойства ў раёне абланой бальніцы, а адзін з іх, Аляксандр Напаюк (дарэчы, грамадзянін Расіі), і зусім знаходзіўся на лецішчы за горадам. Але следства гэта ані не збянтэжыла.
Момант забойства быў адсунуты на часавы адрэзак, не забяспечаны алібі (час забойства ў ходзе папярэдняга следства змяняўся некалькі разоў). Усё на свае месцы паставіла толькі паўторная судмедэкспертыза, зладжаная ўжо на запыт суддзі. Адзначым, што раздрукоўкі тэлефанаванняў абвінавачаных былі прадстаўленыя для азнаямлення адвакатам толькі ў апошні дзень следства.
4 лютага следчы Шчацько вынес пастанову аб прызначэнні псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы для А. Логінава. Як сцвярджае яго бацька Хачатур Хачатуран, асабістую справу сына перадалі ў Навінкі толькі праз 22 дні, а амбулаторная карта з Віцебскага ПНД з’явілася яшчэ праз тыдзень: «Такім чынам, каля месяца майму сыну, змешчанаму ў псіхушку, не рабілі экспертызу. Па асабістай халатнасці следчага, мой сын правёў у Навінках на 12 дзён больш. Як гэта адаб’ецца на псіхіцы сына — можна толькі здагадвацца… "
Звароты і скаргі бацькоў у розныя (у тым ліку і самыя высокія) інстанцыі можна было б таксама падшыць у шматлікія тамы (па крымінальнай справе было сабрана 15 тамоў). Хачатур Хачатуран дамогся і асабістага прыёму ў генпракурора Васілевіча: «Амаль гадзіну нас слухаў, але нават не знайшоў час адказаць на нашы скаргі, якія мы асабіста перадалі. Былі толькі адпіскі — нахабныя, грубыя, некампетэнтныя і г.д… І гэта пры тым, што ў „Советской Белоруссіі“ той жа Васілевіч кажа, што, маўляў, мы такія дэмакраты — у нас непаўналетнія больш за тры месяцы не сядзяць…» Бацька называе гэтую крымінальную справу «справай Михасевича № 2».
«Па справе быў праведзены вялікі аб’ём аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, затрачаныя вялікія дзяржаўныя сродкі. І які вынік?
У ходзе папярэдняга следства не атрымана і суду не прадстаўлена доказаў, якія дазваляюць зрабіць выснову аб вінаватасці Логінава і Напаюка ў здзяйсненні злачынства. З пэўнасцю следства не вызначыла нават час, месца, прыладу здзяйснення забойства. З моманту затрымання адпрацоўвалася толькі адна версія — версія пра вінаватасць хлопцаў. І была адна мэта ў следства — дамагчыся прызнання віны любой цаной… «- гэта вытрымка з прамовы адваката падчас судовых спрэчак.
Прысуд аб невінаватасці школьнікаў уступіць у сілу праз 10 дзён пасля абвяшчэння (29 лістапада). Прыватныя вызначэнні пра парушэнні заканадаўства падчас вядзення следства будуць накіраваныя на адрас Генпракуратуры. Дарэчы, пракурор прасіла суд даць непаўналетнім абвінавачаным да 14 гадоў турмы…