БХД падае ў суд
Выданне дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА “7 дней” надрукавала прапагандовы опус з мэтай дыскрэдытацыі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі пад назвай “Секта, стоп!”.
У артыкуле, падпісаным "Дар’яй Снегінай", паліваецца брудам дзейнасць Партыі і кіраўніцтва БХД, кадыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага, а таксама называюцца прозвішчы шасці сябраў БХД - пратэстантаў. "7 дней" беспадстаўна прыпісвае іх да сектаў.
БХД абураная гэтымі ілжывымі абразамі ў адрас сябраў хрысціянскіх цэркваў, афіцыйна зарэгістраваных як у Беларусі, так і ва ўсім свеце: Хрысціян веры евангельскай, Хрысціян поўнага Евангелля і Евангельскіх хрысціян баптыстаў.
“Ёсць страх уладаў перад БХД. Яны бачаць, якую моцную кампанію мы праводзім, бачаць станоўчую рэакцыю вялікай колькасці людзей на кандыдата ў прэзідэнты ад Партыі, і таму вырашылі: трэба ачарніць. Мы рыхтуем позву ў суд на газету “7 дней”, - сказаў лідэр БХД Павал Севярынец.
Трэба адзначыць, што гэта ўжо не першы абразлівы артыкул пра БХД, які з’явіўся на старонках выдання. Напачатку чэрвеня “7 дней” надрукавала інтэрв’ю з “сусветна вядомым спецыялістам у галіне сектазнаўства” Томасам Гандоу, які “выкрываў” “антыдзяржаўны” характар дзейнасці БХД.