viasna on patreon

Кіраўнік місіі назіральнікаў ад СНД у Брэсцкай вобласці хваліць улады

2010 2010-12-03T17:08:14+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/naziralniksndberascejshchyna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

“У Беларусі шмат зроблена для будучыні” – такія словы кіраўніка аддзялення штаба місіі назіральнікаў ад СНД у Брэсцкай вобласці Бахыта Дасанава вынесеныя ў загаловак публікацыі раённай газеты “Драгічынскі веснік”.

Артыкул прысвечаны візіту ў гэты раён Берасцейшчыны міжнародных назіральнікаў, якія будуць працаваць падчас прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Наведванне розных рэгіёнаў ставіць за мэту пераканацца, ці адпавядае выбарчаму заканадаўству цяперашні этап гэтай кампаніі і ці створаны ўмовы для работы кароткатэрміновых назіральнікаў, якія прыбудуць у нашу краіну напярэдадні дня галасавання.

У артыкуле прыведзены словы Бахыта Дасанава (дарэчы, у пазавыбарчы перыяд ён прадстаўляе Казахстан у Савеце СНД), з якіх вынікае, што абласныя ўлады гатовы садзейнічаць ажыццяўленню місіі па назіранні за выбарамі, самі назіральнікі дагэтуль у сваёй дзейнасці не адчуваюць ніякіх перашкод, маюць доступ да ўсіх запатрабаваных дакументаў, датычных выбараў, і слова “не” ў такіх выпадках ні разу не прагучала.

Адначасова Бахыт Дасанаў падзяліўся з драгічынскім журналістам сваімі асабістымі уражаннямі пра Беларусь, якія ўскосна могуць лічыцца як падтрымка дзеючай улады. У прыватнасці, кіраўнік місіі міжнародных назіральнікаў заявіў, што яму вельмі “імпануе тое, што робіцца ў Беларусі дзеля будучыні”, прывёўшы ў якасці прыкладу створаныя магчымасці для дзяцей займацца спортам.

Гэта ўжо не першая спроба Бахата Дасанава яшчэ да заканчэння агітацыйнага этапу і падвядзення вынікаў галасавання запэўніць грамадскасць, што “выбарчая кампанія ў Брэсцкай вобласці адбываецца ва ўмовах адкрытасці і даступнасці інфармацыі”, а таксама прыемна здзівіцца, як лаяльна ўлады гэтага рэгіёна ставяцца да апазіцыйных кандыдатаў і “працы рэвізораў”.

На фота: Міжнародны назіральнік ад СНД Бахыт Дасанаў (злева), старшыня Брэсцкай абласной выбарчай камісіі Анатоль Кісялёў (у цэнтры) і старшыня Драгічынскай раённай выбарчай камісіі Яўген Пархамчук.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства