7 красавіка Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў правяло акцыю ў студэнцкай паліклініцы №33. Акцыя прымеркавана да Ўсясьветнага дня здароўя і мела за мэту прыцягнуць увагу студэнтаў да праблемы аховы здароўя. Акцыя праходзіла ў межах агульнарэспубліканскай акцыі “Зробім лепш!”, што была ініцыянаваная Асамблеяй НДА.
У 15:00 каля дзясятку сябраў ЗБС зьявілася ў будынку палікнікі. Кожны студэнт меў магчымасьць атрымаць малы даведнік “Правы пацыента”, што распрацавалі сябры праваабарончага цэнтру “Вясна” і “Асацыяцыі Беларускіх Мэдыкаў”. Даведнік утрымлівае інфармацыю пра актуальныя пытаньні ва ўзаемаадносінах паміж лекарам і пацыентам. Бясплатныя і платныя мэдыцынскія паслугі, правы пацыента-спажыўца мэд.паслугаў, як абараніць свае правы – пытаньні, якія ўвайшлі ў даведнік. Усяго ў ім 16 пунктаў на 15 старонках.
Для таго, каб падняць настрой заклапочаным студэнцкімі праблемамі й эпідэміяй грыпу студэнтам, удзельнікі акцыі частавалі студэнтаў “кавалачкамі здароўя” – мандарынамі й вітамінамі з глюкозай. Кожны студэнт атрымаў у дадатак “Даведку на вызваленьне ад студэнцкіх праблемаў і хваробаў” , якая была зробленая па прыкладу звычайнай даведкі, якая вызваляе студэнта ад заняткаў па стане здароўя. ЗБС жа наадварот жадаў не хварэць студэнтам і працягваць абараняць свае правы праз веды і перакананьне ў перамозе.
Месца правядзеньня акцыі было абрана невыпадкова. 33-я палікніка амаль адзіная студэнцкая паліклініка. Вельмі часта студэнты ня ведаюць, якія яны маюць правы. Праблема правоў студэнтаў-пацыентаў найбольш актуальная менавіта ў студэнцкай палікнініцы.
Нягледзячы на пэўную заклапочанасьць і хваробы, усе рэагавалі на зьяўленьне сябраў ЗБС вельмі радасна. Студэнты ахвотна далучаліся да размоваў з арганізатарамі і адзначалі актуальнасьць і своечасовасьць гэтай акцыі. Дзякавалі й падбадзёрвалі непасрэдна лекары.
Але былі й пэўныя праблемы ўжо на заканчэньні акцыі. Жанчыну ў белым халаце, якая назвалася “галоўным урачом” моцна незадаволіў сам факт распаўсюду нейкіх матэрыялаў у межах палікнінікі. На пытаньне сябраў ЗБС “няўжо дзеля віншаваньня студэнтаў патрэбна браць дазвол?”, яна адказала: “Усё што адбываецца ў межах палікнікі павінна быць узгоднена з адміністрацыяй. Гэта вам не дыскатэка. А журналісты павінны папярэджваць нас аб сваім намеры рабіць рэпартаж у нашым памяшканьні. І тым болей тэлевізія.” Апошні сказ тычыўся рэпарцёра АНТ.
Але на вынікі акцыі гэты факт не паўплываў, бо на гэты момант ужо ўсе студэнты вакол мелі на руках матэрыялы, распаўсюджаныя сябрамі ЗБС.Усяго было распаўсюджана каля 200 асобнікаў “Правоў пацыента” і адпаведна даведак з “кавалачкамі здароўя”.
Рэгіянальныя суполкі ЗБС таксама далучыліся да кампаніі “Зробім лепш!”. Так, суполкі ЗБС у г.Горкі і г.Воршы правялі сёньня свае акцыі да дня аховы здароўя.
ЗБС будзе працягваць дапамагаць студэнтам змагацца з парушэньнямі правоў студэнтаў і інфармаваць студэнтаў пра існуючыя правы. Нагадаем, ЗБС працягвае кампанію “Адкрыты студэнцкі форум. Думкі ўслых”, мэтай якой ёсьць інфармаваньне студэнтаў пра іх правы й стварэньне “Дэклярацыі правоў студэнтаў”.
Ганна Краснова, Прэсавая служба ЗБС,
Тэл. оф. (017) 2322743
hanna@studenty.org
У дададзеных файлах вы знойдзедзе
- фотаздымкі з акцыі ЗБС
- зьмест Даведкі