Брэст: Чаму вучылі на трэнінгу кіраўніцтва ўчастковых камісій Ленінскага раёна
Па словах праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, які змог прысутнічаць на трэнінгу, навучальнае мерапрыемства прайшло гладка - на першы погляд.
Што пачуў і што ўбачыў праваабаронца?
Прыцягнулі да сябе яго ўвагу скрыні для галасавання. Зроблены яны з ДСП, а сценкі замацаваны шурупамі, якія лёгка аслабіць ці наогул адкруціць. Пячатка пластылінавая і ставіцца толькі зверху. Празрыстыя скрыні будуць выкарыстоўвацца толькі там, дзе няма поўнавартаснага незалежнага назірання.
Падчас дзелавой гульні высвятляліся пытанні: што рабіць, калі назіральнік пачне цікавіцца нейкай інфармацыяй. Вучылі, што могуць быць такія моманты, калі не трэба адказваць, але ўвогуле інфармацыю даваць - пры гэтым подпісы нідзе не ставіць і ніякіх дакументаў не паказваць.
Аднак, робіць выснову Вялічкін, калі назіральнік набярэ інфармацыі, не падмацаванай фактурай, то даказаць што-небудзь будзе немагчыма.
З яго словаў, цікавай была сітуацыя, калі назіральнік захоча начаваць ля скрыні. Сябра камісіі пагражаўся выклікам міліцыі. Назіральнік кажа: “Выклікай”. Сябра камісіі адказвае: “Не буду” - і дазваляе назіральніку застацца.
На думку праваабаронцы, такі псіхалагічны ціск вытрымае далёка не кожны назіральнік. Упарты назіральнік застанецца з міліцыянтам. Міліцыянты часта выконваюць загады. Які загад ён атрымае – невядома. Але судовы працэс выйграе міліцыянт.
Высветлілася, што калі назіральнік захоча падчас галасавання на даму паехаць да выбаршчыка (каб даведацца, ці чалавек звяртаўся ў камісію з жаданнем, каб да яго прыехалі галасаваць), то ён не мае права патрабаваць дакументы, якія падцвярджаюць просьбу выбаршчыка прагаласаваць на даму.
Стаяла пытанне наконт экзіт-пулу. Спыняць, не дапускаць да апытання – такія ўказанні былі як сябрам камісіі, так і іншым асобам, асабліва міліцыі.
Адносна назірання за падлікам галасоў паведамлялася, што назіральнікі могуць знаходзіцца настолькі блізка ад сталоў, каб яны мелі магчымасць рэальна назіраць працэдуру падліку.
Вялічкін мяркуе, што ў такім разе назіральнік зможа назіраць за маніпуляцыяй падліку. Бюлетэня ж ніхто назіральніку не паказвае.
Цікава таксама і тое, што розныя скрыні фармальна лічацца паасобку - адразу бюлетэні раскладаюцца па кандыдатах. Пазней пераправерыць, колькі і за каго прагаласавала датэрмінова, у дзень галасавання і на даму, робіцца немагчымым.
Уладзімір Вялічкін упэўнены, што ўсё гэта скіравана на тое, каб не даць назіральнікам, у тым ліку і міжнародным, доказнай базы пра фальсіфікацыі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”