Быхаў: Упершыню выстаўлены агітацыйны пікет
Сёння ў горадзе Быхаве Магілёўскай вобласці быў упершыню выстаўлены агітацыйны пікет у падтрымку кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Някляева. Пра гэта паведаміў Пётр Мігурскі, давераная асоба кандыдата.
- Сёння мы ўпершыню выставілі пікет у падтрымку нашага кандыдата Уладзіміра Някляева ў горадзе каля рэстарана “Днепр”. Гэта месца дазволена, згодна з рашэннем Быхаўскага райвыканкама, для правядзення масавых мерапрыемстваў, якія арганізуюць кандыдаты ў прэзідэнты і іх давераныя асобы. Людзей падыходзіла даволі шмат, цікавіліся нашым кандыдатам, яго біяграфіяй і праграмай. Наогул, для жыхароў Быхава наша з’яўленне было падзеяй, бо прадстаўнікі іншых кандыдатаў у прэзідэнты ніякіх масавых мерапрыемстваў у горадзе пакуль не рабілі, - гаворыць адказная за правядзенне пікету ў горадзе Быхаве Людміла Міткевіч.
Таксама яна паведаміла, што на пастаяннай аснове пікет у падтрымку свайго кандыдата ў Быхаве прыхільнікі Уладзіміра Някляева выстаўляць не плануюць, але да выбараў ён будзе праведзены яшчэ некалькі разоў.
Пётр Мігурскі кажа, што пакуль у Магілёўскай вобласці адчуваецца моцны недахоп агітацыйных матэрыялаў кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Нягледзечы на гэта, ужо з заўтрашняга дня ў вобласці пачне дзейнічаць яшчэ адзін пастаянны пікет у падтрымку Уладзіміра Някляева, які будзе выстаўляцца кожны дзень – у горадзе Клічаве Магілёўскай вобласці. Іншыя кандыдаты ў прэзідэнты ў Клічаве пакуль ніякіх масавых мерапрыемстваў не праводзілі і аб іх планах на гэты конт нічога не вядома.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”