viasna on patreon

Шклоў: За сустрэчу з Някляевым пагражалі звальненнямі. На сустрэчу з даверанай асобай Лукашэнкі заганялі

2010 2010-12-02T15:52:17+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kulakom.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пра гэта паведаміў давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі, які пастаянна пражывае ў вёсцы Дабрэйка Шклоўскага раёна.

1 снежня ў Дом культуры г.Шклова на сустрэчу з выбаршчыкамі Уладзіміра Някляева прыйшло 60 чалавек. Пётр Мігурскі сцвярджае, што колькасць прысутных падлічыў асабіста.  

- Аднак людзей магло б быць нашмат больш, проста іх запужалі. Да мяне звярнуліся прадстаўнікі некалькіх працоўных калектываў горада Шклова, якія распавялі пра тое, што напярэдадні сустрэчы кіраўніцтва прадпрыемстваў і арганізацый папярэджвала работнікаў – хто будзе заўважаны на сустрэчы з кандыдатам Някляевым, той адразу можа рыхтавацца да звальнення з працы. Інфармацыя дакладная, аднак прозвішчы людзей і арганізацыі, дзе яны працуюць, я назваць не магу, бо я абяцаў, што не “падстаўлю” людзей, - распавядае сп.Мігурскі.

Назіральнік пры Шклоўскай раённай камісіі Міхаіл Кучарэнка кажа, што ён не можа абвергнуць альбо пацвердзіць інфармацыю Пятра Мігурскага:

- Я таксама чуў, што ў шэрагу арганізацый людзям рэкамендавалі не прысутнічаць на сустрэчы з кандыдатам у прэзідэнты Уладзімірам Някляевым. Аднак людзі гэтай інфармацыяй дзяліцца не вельмі хочуць, многія з іх запалоханы, баяцца страціць працу.

Міхаіл Кучарэнка таксама распавёў аб тым, што 1 снежня ў 17-30 у шклоўскім Доме культуры адбылася сустрэча даверанай асобы кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі, рэктара Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта харчавання Вячаслава Шаршунова з мясцовымі выбаршчыкамі:

- Магу дакладна сказаць, што многія арганізацыі і ўстановы горада Шклова атрымалі разнарадку з райвыканкама, колькі чалавек ад іх калектываў павінны прысутнічаць на гэтай сустрэчы. У асноўным даводзілася заданне, што ад арганізацыі на сустрэчы павінны прысутнічаць не менш за 20 чалавек. Людзі ішлі, бо нікуды не дзенешся, працаваць трэба. Але я лічу, што мясцовыя ўлады дабіліся гэтым адваротнага эфекту: многія з тых, хто прысутнічаў на сустрэчы пад прымусам, кажуць пра тое, што лепш будуць галасаваць за аднаго з альтэрнатыўных кандыдатаў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства