Светлагорск: Было 3 - стала 23
Светлагорскі райвыканкам змяніў сваё рашэнне аб вызначэнні пляцовак па-за памяшканнямі для правядзення агітацыі кандыдатамі ў прэзідэнты і іх даверанымі асобамі. Згодна з папярэднім рашэннем, у раёне для такіх мэтаў былі вызначаны толькі 3 пляцоўкі, з якіх толькі адна - у Светлагорску, а яшчэ дзве - у пасёлках Парычы і Сасновы Бор.
Але, відаць, узялі курс на лібералізацыю - спіс пляцовак пашырылі з 3-х да 23-х. Што цікава - у Светлагорску замест адной пляцоўкі праводзіць сходы з выбаршчыкамі дазволена зараз на 5 пляцоўках, астатнія ж - у аграгарадках, і ўсе яны - каля сельскіх дамоў культуры. Раней пляцовак у аграгарадках у спісе дазволеных не было.
Зменена рашэнне пра дазволеныя для агітацыі пляцоўкі і ў Жлобіне - пікетаваць можна, здавалася б, усюды, акрамя мастоў, аўтамабільных дарог, тэрыторый плошчаў, на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў выканкамаў, судоў, пракуратуры, арганізацый, якія забяспечваюць абароназдольнасць, бяспеку, жыццядзейнасць насельніцтва (грамадскі транспарт, бальніцы, паліклінікі, дзіцячыя сады, ўсе ўстановы адукацыі і інш.).
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”