Барысаў: Гендырэктар дазволіў гендырэктару правесці сустрэчу з выбаршчыкамі на прадпрыемстве ў працоўны час
У сераду, 1 снежня, на тэрыторыі барысаўскага ААТ «Экран» прайшла сустрэча даверанай асобы кандыдата ў дэпутаты Аляксандра Лукашэнкі, генеральнага дырэктара ААТ «БАТЭ» Анатоля Капскага з работнікамі прадпрыемства.
Сустрэча пачалася ў 15.00, у той час як працоўны дзень заканчваецца не раней 15.30. Гэта значыць, даверанай асобе кандыдата Лукашэнкі ахвотна спрыяе кіраўніцтва прадпрыемства. І не толькі таму, што дазволіла сваім работнікам пакінуць працоўныя месцы раней устаноўленага тэрміну.
Рашэнне Барысаўскага райвыканкама № 1426 ад 18 лістапада 2010 года «Аб унясенні дапаўненняў у некаторыя рашэнні Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта па пытаннях правядзення выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» дазваляе выкарыстоўваць у якасці памяшканняў для правядзення сустрэч з кандыдатамі і іх даверанымі асобамі актавыя залы і іншыя памяшкання арганізацый з дазволу кіраўнікоў. Прычым, дазволіць ці не дазволіць сустрэчу на тэрыторыі прадпрыемства - кіраўнік вырашае самастойна. І ў выпадку яго нежадання даць такі дазвол, паўплываць на яго вельмі складана. У дадзеным выпадку гендырэктар «Экрану» Валер Касперскі не адмовіў гендырэктару завода «БАТЭ» Анатолю Капскаму.
Праўда, зараз гендырэктару ААТ «Экран» прыйдзецца дазваляць правядзенне такіх сустрэч астатнім дзевяці кандыдатам ці іх давераным асобам, калі тыя выкажуць такое жаданне. Каб не парушаць арт.73 Выбарчага кодэкса РБ аб роўнасці правоў і абавязкаў кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"