З сакратаром Барысаўскай раённай камісіі прыйшлося правесці “прававы лікбез”
У мінулыя выходныя ў Барысаве праходзіў рэгіянальны кірмаш. Прыхільнікі кандыдатаў Някляева і Саннікава вырашылі скарыстацца прысутнасцю мноства людзей і агітавалі за сваіх кандыдатаў.
Вельмі хутка да агітатараў падышла сакратар Барысаўскай ТВК Таццяна Стасава, якая запатрабавала іх неадкладна сысці. Кірмаш праходзіў на плошчы каял гарадскога Палаца культуры, у месцы, па патрабаванні ЦВК, дазволеным з мінулага чацвярга Барысаўскім райвыканкамам для правядзення агітацыйных мерапрыемстваў па-за памяшканнямі. Агітатары нагадалі сакратару пра гэту акалічнасць. Тады быў вылучаны новы аргумент: маўляў, агітаваць за кандыдата могуць толькі давераныя асобы, якія маюць пасведчанні ЦВК. Прыйшлося зноў праводзіць “прававы лікбез”. Толькі пасля гэтага Таццяна Стасава палічыла за лепшае сысці.
Агітатары размаўлялі з наведвальнікамі кірмаша два дні: у суботу і нядзелю. Трэба адзначыць, што выбаршчыкі з непадробнай цікавасцю выслухоўвалі інфармацыю пра кандыдатаў, задавалі пытанні.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”