Камісія замятае сляды?
Нечаканы канфлікт паміж назіральнікамі і Аршанскай гарадской выбарчай камісіяй выклікалі рашэнні гарвыканкаму №№ 1709, 1710, 1711, якія тычыліся вызначэння месцаў для сходаў і размяшчэння агітацыйнай прадукцыі.
Паводле Выбарчага кодэксу дадзеныя рашэнні мусілі ўзгадняцца з гарадской камісіяй. Назіральнікі сцвяржаюць, што такога ўзгаднення не адбывалася, у сувязі з чым яны напісалі шэраг скаргаў.
Так, ад Віцебскай абласной выбарчай камісіі прыйшоў адказ, што ўзгадненне адбылося 8 лістапада і зацвержана пратаколам №7. У той жа час назіральнікі Сяргей Трафімаў і Ігар Казмерчак, якія прысутнічалі на гэтым паседжанні камісіі, у адзін голас сцвяржаюць, што 8 лістапада камісія абмяркоўвала вынікі праверкі подпісаў, а не ўзгадняла рашэнні гарвыканкама. З іншага боку, сакаратар камісіі Ірына Лоўчая, дэманструючы пратакол №7, сцвярджае, што вынікі праверкі подпісаў былі падведзеныя ўжо на паседжанні 1 лістапада.
Атрымліваецца парадаксальная сітуацыя – назіральнікі на свае вочы бачылі адно, а ў пратаколе камісіі запісана зусім іншае.
Але ж аб'ектыўна 1 лістапада вынікі праверкі подпісаў падводзіцца не маглі, бо апошнім днем здачы падпісных лістоў у камісіі было 29 кастрычніка і на праверку камісіям закон адводзіць 10 дзён. Атрымліваецца, што аршанская камісія справілася з праверкай за 1 дзень.
Назіральнікі збіраюцца падаваць заяву ў суд з нагоды падлога дакументаў кіраўніцтвам камісіі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”