viasna on patreon

Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2010: тыднёвы аналітычны агляд (22-28 лістапада)

2010 2010-11-29T17:15:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zasvabodnyjavybarylogo.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

АГУЛЬНЫЯ ВЫСНОВЫ

1. 18 лістапада пачаўся агітацыйны этап выбарчай кампаніі (працягнецца да 18 снежня ўключна). Для кандыдатаў у Прэзідэнты ўмовы агітацыі няроўныя: дзеючы Прэзідэнт мае неабмежаваныя магчымасці для данясення сваіх думак і поглядаў да выбаршчыкаў праз дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі (асабліва электронныя), тады як астатнія кандыдаты маюць для гэтага толькі 1 гадзіну на тэлебачанні і 1 гадзіну на радыё (і па 1 гадзіне тэле- і радыёдэбатаў на ўсіх).   

2. Выступленні кандыдатаў па тэлебачанні і на радыё адбываліся ў адпаведнасці з вызначаным графікам і без істотных перашкодаў, але суправаджаліся шэрагам матэрыялаў у дзяржаўных друкаваных і электронных СМІ, у якіх асобы і праграмы ўсіх кандыдатаў (за выключэннем Лукашэнкі) выстаўляліся ў выключна негатыўным святле.

3. Колькасць месцаў, вызначаных мясцовымі ўладамі для правядзення сустрэчаў кандыдатаў і іх давераных асобаў з выбаршчыкамі, перавышае колькасць такіх месцаў падчас выбараў 2006 года. Аднак шмат ў якіх населеных пунктах гэтыя месцы з’яўляюцца аддаленымі ці нязручнымі. Сустрэчы і іншыя масавыя выбарчыя мерапрыемствы адбываюцца без значных перашкодаў з боку міліцыі і ўладаў, але асобныя інцыдэнты маюць месца.

4. Два напады на апазіцыйных актывістаў, якія мелі месца 23 і 24 лістапада, могуць быць звязаныя з выбарчай кампаніяй і патрабуюць тэрміновага расследавання.

5. Пачалося выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу для забеспячэння масавага датэрміновага галасавання, якое з’яўляецца найбольш зручным для фальсіфікацыяў этапам галасавання. 

6. Мытня канфіскавала 115 асобнікаў інструкцый для кароткатэрміновых назіральнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», што з’яўляецца супрацьдзеяннем адкрытаму і галоснаму правядзенню выбараў.

 

I. АГУЛЬНЫЯ ПРАВАВЫЯ ЎМОВЫ ПЕРАДВЫБАРЧАЙ АГІТАЦЫІ

18 лістапада пачаўся этап інфармавання выбаршчыкаў і перадвыбарчай агітацыі. Яго правядзенне вызначае Выбарчы кодэкс (ВК) са зменамі і дапаўненнямі ад 4 студзеня 2010 года.

Згодна з арт. 45 ВК, палітычным партыям, іншым грамадскім аб’яднанням, працоўным калектывам і давераным асобам кандыдатаў прадастаўляецца права свабоднага і ўсебаковага абмеркавання праграм кандыдатаў, іх палітычных, дзелавых і асабістых якасцяў, правядзення агітацыі за ці супраць кандыдата на сходах, мітынгах, у сродках масавай інфармацыі, а таксама падчас сустрэчаў з выбаршчыкамі.

Праграмы і агітацыйныя выступы кандыдатаў не павінны ўтрымліваць абразаў і паклёпу ў дачыненні да службовых асобаў, іншых кандыдатаў, а таксама заклікаў да гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу краіны, парапаганды вайны, расавай, нацыянальнай, сацыяльнай, рэлігійнай ці моўнай перавагі, узбуджаць сацыяльную, расавую, нацыянальную ці рэлігійную варажнечу. Парушэнне названых норм з’яўляецца падставай для адмены рашэння аб рэгістрацыі кандыдата.

II. АГІТАЦЫЯ ПРАЗ СРОДКІ МАСАВАЙ ІНФАРМАЦЫІ

Дзяржаўныя СМІ, а таксама СМІ, якія часткова фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту ці заснавальнікамі якіх з’яўляюцца дзяржаўныя органы ўлады, абавязаныя забяспечыць роўныя магчымасці ўсім кандыдатам. Кандыдаты маюць права бясплатна размясціць у іх свае перадвыбарчыя праграмы аб’ёмам не больш за пяць машынапісных старонак. Акрамя таго, кандыдаты маюць права на два выступы на першым тэлеканале Беларускага тэлебачання працягласцю не больш за 30 хвілін кожны, а таксама на два выступы на Першым канале Беларускага радыё. Кожны кандыдат мае права выступіць у тэле- і радыёдэбатах працягласцю па 60 хвілін, ці дэлегаваць сваю давераную асобу для ўдзелу ў іх. Усе выступы і тэледэбаты адбываюцца ў прамым эфіры, але па жаданні кандыдата ягоны выступ можа транслявацца ў запісе (пастанова ЦВК №118 у рэдакцыі ад 18 лістапада).

Выступленні кандыдатаў па тэлебачанні і на радыё адбываліся ў адпаведнасці з вызначаным графікам (па тэлебачанні – з 19.00 па 20.00 і на радыё – з 6.10 да 7.10) і без істотных перашкодаў. Назіральнікі адзначаюць толькі адзінкавыя выпадкі перашкод. Напрыклад, падчас трансляцыі выступу кандыдата Уладзіміра Някляева ў мікрараёне Карані г. Смаргоні (Гродзенская вобл.) адбылося раптоўнае адключэнне электрычнасці. Пры гэтым дзяржаўныя друкаваныя і электронныя СМІ выпусцілі шмат матэрыялаў, выстаўляючых асобы і праграмы ўсіх кандыдатаў (за выключэннем Аляксандра Лукашэнкі) выключна ў негатыўным святле.

Нягледзячы на тое, што дзеючы Прэзідэнт адмовіўся ад магчымасці скарыстацца адведзеным яму часам для выступленняў па радыё і на тэлебачанні, яго прысутнасць у дзяржаўных СМІ пераўзыходзіць прысутнасць усіх астатніх кандыдатаў разам ўзятых. Гэта прызнае і старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына: «Кандыдат Лукашэнка знаходзіцца ў няроўных умовах з іншымі кандыдатамі. Кандыдат Лукашэнка працуе Прэзідэнтам, наогул знаходзіцца ў няроўных умовах, у сілу яго пасады яго пастаянна паказваюць па тэлебачанні, і ніхто не адмяняў гэтае становішча»[1].

III. АГІТАЦЫЯ ШЛЯХАМ РАСПАЎСЮДЖВАННЯ ДРУКАВАНЫХ МАТЭРЫЯЛАЎ

Кандыдаты маюць права на выраб перадвыбарчых плакатаў, заклікаў, заяваў, надпісаў, улётак, фотаматэрыялаў (плакатаў). На аплату выдаткаў на выраб друкаваных матэрыялаў кожнаму кандыдату выдаткоўваюцца сродкі з бюджэту ў памеры 2 300 базавых велічынь (каля $26 000). Агітацыйныя матэрыялы павінны вырабляцца на тэрыторыі Беларусі і ўтрымліваць выходныя звесткі. Распаўсюджванне ананімных матэрыялаў забаронена.

Назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначаюць выпадкі, калі штабы апазіцыйных кандыдатаў сутыкаліся з перашкодамі ў вырабе друкаваных агітацыйных матэрыялаў. Напрыклад, Уладзімір Кобец, давераная асоба кандыдата Андрэя Саннікава, паведаміў аб сітуацыі, якая склалася падчас падпісання трохбаковай дамовы паміж ЦВК, кандыдатам і выдавецтвам. «На працягу дня прадстаўнікі выдавецтва вымушаны былі некалькі разоў наведваць ЦВК, штораз уносячы ў яго новыя патрабаванні ЦВК, – кажа У. Кобец. – Толькі пасля 17 гадзін 19 лістапада мы атрымалі пасведчанні фінансавага прадстаўніка кандыдата ў Прэзідэнты. Прычым рашэнне ЦВК аб зацвяджэнні фінансавых прадстаўнікоў было прынята яшчэ 18 лістапада»[2]. У выніку адпаведныя плацяжы змаглі быць праведзены толькі ў панядзелак, 22 лістапада. Сяргей Лапуцін, супрацоўнік штаба Уладзіміра Някляева (г. Магілёў), паведамляе, што недзяржаўныя друкарні Магілёва адмаўляюцца вырабляць агітацыйныя матэрыялы, матывуючы гэта нежаданнем «лезці ў палітыку».

IV. МАСАВЫЯ МЕРАПРЫЕМСТВЫ, У ТЫМ ЛІКУ СУСТРЭЧЫ З ВЫБАРШЧЫКАМІ

Кандыдаты ў Прэзідэнты і іх давераныя асобы могуць праводзіць масавыя мерапрыемствы (сходы па-за памяшканнямі, мітынгі, пікетаванні) у мэтах перадвыбарчай агітацыі. Згодна з арт. 45.1 ВК, правядзенне масавых мерапрыемстваў у месцах, вызначаных рашэннямі мясцовых уладаў, маюць паведамляльны характар. Масавыя мерапрыемствы, якія праводзяцца па-за вызначанымі месцамі, арганізоўваюцца і праводзяцца ў адпаведнасці з Законам «Аб масавых мерапрыемствах». Акрамя таго, мясцовыя органы ўлады па ўзгадненні з адпаведнымі выбарчымі камісіямі вызначаюць месцы для правядзення сустрэчаў кандыдатаў з выбаршчыкамі. Памяшканні прадстаўляюцца бясплатна.

Месцы для сустрэч з выбаршчыкамі былі вызначананы выканкамамі ў першай дэкадзе лістапада ў тэрміны, устаноўленыя выбарчым заканадаўствам і ЦВК. У абсалютнай большасці рэгіёнаў, за выключэннем Мінска, былі вызначаны нязручныя (аддаленыя, нядобраўпрарадкаваныя, ды інш.) ці невялікія памяшканні і месцы для пікетаў. Разам з тым, назіральнікі адзначаюць, што колькасць такіх месцаў большая, чым падчас выбараў 2006 года. Пры гэтым мелі месца парушэнні арт. 45 ВК, гэта значыць вызначэнне месцаў выканкамамі без узгаднення з адпаведнымі выбарчымі камісіямі. Напрыклад, Мінгарвыканкам прыняў рашэнне аб вызначэнні месцаў без узгаднення з Мінскай гарадской выбарчай камісіяй. Аналагічным чынам прымалі рашэнні і Аршанскія гар- і райвыканкамы (Віцебская вобл.).

Як і ў выпадку з вызначэннем месцаў для правядзення пікетаў па зборы подпісаў, многія выканкамы ўнеслі змены ў свае ранейшыя рашэнні, павялічыўшы колькасць месцаў для сустрэч кандыдатаў і іх давераных асоб з выбаршчыкамі. Практычна заўсёды гэта адбывалася пад ціскам або па скаргах праваабаронцаў ці актывістаў штабоў кандыдатаў. Актывісты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» дамагліся перагляду рашэнняў Гродзенскага гарвыканкама, Смаргонскага райвыканкама (Гродзенская вобл.), Салігорскага райвыканкама (Мінская вобл.).

У Брэсце не ўключаны ў спіс месцаў для пікетаў найбольш ажыўленыя тэрыторыі ў цэнтры горада. На сустрэчы чыноўнікаў Брэсцкага гарвыканкама з назіральнікамі місіі АБСЕ намеснік старшыні Брэсцкага гарвыканкаму Вячаслаў Хафізаў на пытанне ці павялічана колькасць месцаў для сустрэч выбаршчыкаў з кандыдатамі ў Ленінскім і Маскоўскім раёнах Брэста даў станоўчы адказ. Адпаведны запыт у гарвыканкам накіравалі брэсцкія праваабаронцы. У пісьмовым адказе, які заяўнікі атрымалі за подпісам таго ж В. Хафізава, паведамляецца, што для правядзення агітацыі застаюцца раней вызначаныя месцы. Такім чынам, павелічэння колькасці месцаў не адбылося.

Назіральнікі адзначаюць адносна ліберальны падыход уладаў да сустрэч апазіцыйных кандыдатаў з выбаршчыкамі і іншых звязаных з выбарамі масавых мерапрыемстваў у параўнанні з выбарамі 2006 года. Напрыклад, 24 лістапада на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, не дазволенай для правядзення сустрэч з выбаршчыкамі і выбарчых пікетаў, адбыўся мітынг з удзелам кандыдатаў Уладзіміра Някляева, Віталя Рымашэўскага і Мікалая Статкевіча. Мітынг не быў разагнаны міліцыяй, ніхто не быў затрыманы.

Аднак напярэдадні гэтага, 23 і 24 лістапада, Генеральная пракуратура вынесла В. Рымашэўскаму і М. Статкевічу афіцыйныя папярэджанні аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства. Прычынай папярэджанняў былі заклікі апошніх падчас іх тэлевізійных выступленняў узяць удзел у акцыі на Кастрычніцкай плошчы. Эксперты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначаюць, што заклік да ўдзелу ў сустрэчы з выбаршчыкамі ў месцы, забароненым уладамі, сапраўды з’яўляецца фармальным парушэннем закону, але лічаць, што сам факт забароны любых масавых мерапрыемстваў на Кастрычніцкай плошчы з’яўляцца празмерным абмежаваннем свабоды сходаў, паколькі яе размяшчэнне і памеры дазваляюць праводзіць на ёй мірныя акцыі без парушэння грамадскага парадку і правоў іншых грамадзян.

28 лістапада ў Бялынічах (Магілёўская вобл.) міліцыяй і прадстаўнікамі мясцовага райвыканкама падчас правядзення пікета з удзелам кандыдата Рыгора Кастусёва быў заблакаваны яго аўтамабіль. Таксама быў складзены пратакол аб парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, які нікому не дэманстраваўся і, адпаведна, не падпісваўся Р. Кастусёвым. Кандыдат лічыць, што пікет адбываўся ў дазволеным месцы, тады як мясцовая адміністрацыя сцвярджае, што на яго правядзенне неабходна было падаваць заяўку за два дні.  

V. ФІНАНСАВАННЕ ВЫБАРЧАЙ КАМПАНІІ

Згодна з арт. 48 ВК, палітычныя партыі, іншыя арганізацыі і грамадзяне Беларусі не маюць права аказваць матэрыяльнай дапамогі пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, акрамя ўнясення грашовых сродкаў у пазабюджэтны фонд і фонд кандыдатаў у Прэзідэнты (апошні – у памеры не больш за 3 000 базавых велічынь, што эквівалентна прыкладна $34 000). Сродкі з выбарчага фонда могуць быць выдаткаваныя на аплату эфірнага часу і друкаванай плошчы ў СМІ, агітацыйных матэрыялаў, арэнды памяшканняў ды інш.

На думку экспертаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», магчымасць стварэння фондаў кандыдатаў з’яўляецца пазітыўнай зменай у параўнанні з выбарамі 2001 і 2006 гадоў. У то жа самы час, максімальны памер фонду з’яўляецца недастатковым для арганізацыі агітацыйнай кампаніі, супастаўнай па маштабе з кампаніяй дзеючага Прэзідэнта, у якой задзейнічаны ўсе дзяржаўныя электронныя СМІ і адміністрацыі дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстаноў.

Назіральнікі кампаніі таксама адзначаюць асобныя выпадкі перашкодаў на шляху ўнясення сродкаў у фонды кандыдатаў. Напрыклад, 26 лістапада выбаршчык Дзмітрый Яўланаў ў аддзяленні Беларусбанка №633/11 г. Салігорска (Мінская вобл.) спрабаваў перавесці грошы на рахунак аднаго з кандыдатаў. Супрацоўнікамі аддзялення яму было двойчы адмоўлена.

ВК забараняе прамы ці ўскосны ўдзел у фінансаванні і іншую матэрыяльную дапамогу пры правядзенні і падрыхтоўцы выбараў з боку замежных дзяржаў і арганізацый, міжнародных арганізацый і замежных грамадзянаў. Выкарыстанне кандыдатам вышэйзгаданых сродкаў цягне за сабой адмену рэгістрацыі.

Падчас інтэрв’ю газеце «Фігаро», дзеючы Прэзідэнт абвінаваціў кандыдатаў Уладзіміра Някляева і Андрэя Саннікава ў выкрыстанні замежных сродкаў. У. Някляеў, са свайго боку, абвясціў аб намеры падаць на Аляксандра Лукашэнку ў суд, калі апошні не прадставіць факты, якія пацвярджаюць абвінавачванне.

VI. ЦІСК НА АПАЗІЦЫЙНЫХ АКТЫВІСТАЎ

У ноч на 23 лістапада невядомымі быў збіты Ігар Лялькоў – давераная асоба кандыдата Рыгора Кастусёва, намеснік старшыні Партыі БНФ. 24 лістапада невядомая асоба здзейсніла напад на Валерыю Краўчанка, сябра ініцыятыўнай групы Андрэя Саннікава, падчас распаўсюджвання ёю матэрыялаў аб тэлевізійным выступе апошняга. Эксперты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» не выключаюць, што гэтыя напады могуць быць звязаныя з выбарчай кампаніяй, і лічаць неабходным тэрміновае расследаванне гэтых інцыдэнтаў.  

VII. ДАТЭРМІНОВАЕ ГАЛАСАВАННЕ

Назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначаюць выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу для забеспячэння масавага датэрміновага галасавання (будзе адбывацца з 14 па 18 снежня ўключна), якое з’яўляецца найбольш зручным для фальсіфікацыяў этапам галасавання.  

Напрыклад, падчас сустрэчы з актывам БДУІР, рэктар універсітэта Міхаіл Батура заявіў наступнае: «У нас наперадзе вялікая палітычная падзея – выбары кіраўніка дзяржавы. Я не магу абыйсці бокам гэтае пытанне. Я заклікаю ўсіх вас прыняць удзел у гэтых выбарах. Больш таго, я нават раю вам кандыдатуру, за якую прагаласаваць. Гэта – дзеючы кіраўнік дзяржавы. Таму што ўсё тое, што добрае, што тут зроблена, дасягнута ў гэтай краіне, за перыяд яго прэзідэнцтва. Таму заклікаю прыняць удзел усіх у выбарах. <...> Мы заўсёды рэкамендавалі студэнтам прайсці датэрміновыя выбары, таму што потым <...> ўсякія сітуацыі складаюцца. Хтосьці з’язджае, і мы можам знізіць у гэтым плане актыўнасць. Таму датэрміновае будзе арганізавана з 13-га снежня, заклікаю прыняць удзел у датэрміновым галасаванні».

VIII. ПЕРАШКОДЫ НЕЗАЛЕЖНЫМ НАЗІРАЛЬНІКАМ

Ноччу 26 лістапада на беларуска-літоўскай мяжы супрацоўнікі беларускай мытні на 5 гадзін затрымалі прадстаўнікоў кампаніі «Правабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміра Лабковіча і Дзмітрыя Салаўёва. З удзелам супрацоўнікаў КДБ у праваабаронцаў было канфіскавана 115 асобнікаў інструкцый для кароткатэрміновых назіральнікаў кампаніі. Інструкцыя не ўтрымлівае інфармацыі, якая б наносіла шкоду дзяржаўнаму або канстытуцыйнаму ладу краіны, і скіравана на забяспячэнне аб’ектыўнага і незаангажаванага назірання за выбарамі. Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» расцэньвае дзеянні супрацоўнікаў мытні як супрацьдзеянне адкрытаму і галоснаму правядзенню выбараў і патрабуе неадкладнага вяртання канфіскаваных асобнікаў інструкцый.

 

____________________________________________________________________________

Мэтай кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» з’яўляецца назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ацэнка выбарчага працэсу з пункту гледжання беларускага выбарчага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаванне пра нашыя высновы беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці. Кампанія з’яўляецца незалежнай і палітычна незаангажаванай. Інфармацыю пра кампанію можна знайсці на сайтах праваабарончага цэнтра «Вясна» (http://spring96.org) і Беларускага Хельсінкскага камітэта (http://belhelcom.org).



[1] http://www.interfax.by/news/belarus/82511

[2] http://charter97.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства