viasna on patreon

Бялынічы: З сустрэчы з Кастусёвым міліцыя зрабіла шоў

2010 2010-11-29T09:43:59+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialynichy-sustr-kast-5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

28 кастрычніка ў гарадскім пасёлку Бялынічы супрацоўнікі міліцыі і мясцовага райвыканкама спрабавалі забараніць правядзенне пікета ў падтрымку кандыдата ў прэзідэнты ад Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Іх не спыніла нават тое, што ў пікеце ўдзельнічаў сам Рыгор Кастусёў.

Рыгор Кастусёў, яго давераныя асобы і прыхільнікі ладзілі пікет у гарадскім пасёлку Бялынічы ў дазволеным рашэннем мясцовага райвыканкама месцы – каля універсама “Ласточка”. Пікет праходзіў без эксцэсаў, распаўсюджваліся ўлёткі, выдадзеныя на грашовыя сродкі, выдзеленыя Цэнтрвыбаркамам на перадвыбарную агітацыю. Да Рыгора Кастусёва падыходзіла даволі шмат людзей, якія хацелі паразмаўляць з кандыдатам у прэзідэнты, выказаць яму свае пажаданні і прапановы. Многія з іх ведалі кандыдата асабіста, бо ён нарадзіўся ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна і не адзін год адпрацаваў у мясцовых гаспадарках. За правядзеннем пікету назіраў назіральнік пры Бялыніцкай раённай камісіі Барыс Вырвіч, а праз пэўны час з’явілася і сакратар камісіі, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Бялыніцкага райвыканкама Лідзія Шчацінка. Ніякіх асаблівых заўваг яна не выказвала, толькі адзначыла, што на правядзенне пікета не пададзена паведамленне ў райвыканкам. Калі ж пікетаванне ўжо заканчвалася і кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў са сваёй камандай збіраўся ад’язджаць для правядзення сустрэчы ў гарадскі пасёлак Круглае, з’явіліся намеснік старшыні Бялыніцкага райвыканкама Надзея Серыкава, намеснік начальніка Бялыніцкага РАУС падпалкоўнік Міхаіл Грушэцкі разам з начальнікам аддзелу прафілактыкі і папярэджання злачынстваў гэтага ж РАУС падпалкоўнікам Аляксандрам Манікайла. Прыехалі таксама старшыня раённай камісіі, начальнік ідэалагічага аддзела Бялыніцкага райвыканкама Ірына Фурсава і намеснік старшыні раённай камісіі, дырэктар мясцовага ФАКа Сяргей Шут.

Расказвае давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Рыгора Кастусёва Зміцер Салаўёў:

- Калі мы ўжо заканчвалі правядзенне пікета і збіраліся ад’язджаць на сустрэчу з выбаршчыкамі ў суседні райцэнтр Круглае, з’явілася намеснік старшыні Бялыніцкага райвыканкама Надзея Фурсава, цэлая машына міліцыянтаў пад кіраўніцтвам намесніка начальніка Бялыніцкага РАУС падпалкоўніка Міхаіла Грушэцкага і ўсё кіраўніцтва раённай камісіі па выбарах прэзідэнта. Яны пачалі казаць нам, што мы парушаем заканадаўства аб выбарах, запатрабавалі спыніць правядзенне пікету (хаця ён ужо быў фактычна скончаны) і пачалі пагражаць, што складуць пратакол. На гэта Рыгор Кастусёў і я адказалі, што мы не парушаем заканадаўства аб выбарах і праводзім пікетаванне ў вызначаным рашэннем Бялыніцкага райвыканкама месцы. Надзея Серыкава і супрацоўнікі міліцыі ўсё роўна пачалі складаць, як яны адразу казалі, пратакол, потым ужо сталі казаць акт. У выніку мы затрымаліся ў Бялынічах на 40 хвілін і своечасова не змаглі патрапіць на сустрэчу ў Круглае. Дакумент пра тое, якое ўсёж мы ажыццявілі правапарушэнне, у выніку нам ніхто так і не паказаў. Мы абавязкова будзем падаваць скаргу ў Цэнтрвыбаркам і пракуратуру, бо, дзякуючы дзеянням намесніка старшыні Бялыніцкага райвыканкама Надзеі Серыкавай і мясцовай міліцыі, была фактычна сарваная сустрэча кандыдата ў прэзідэнты Рыгора Кастусёва ў гарадскім пасёлку Круглае.

Свае ўражанні выказвае назіральнік Барыс Вырвіч:

- Я прысутнічаў пры правядзенні пікета ў падтрымку Рыгора Кастусёва ад самага пачатку, бо не так часта ў Бялынічы прыязджае кандыдат у прэзідэнты. Магу засведчыць, што пікетаванне праводзілася вельмі карэктна, раздаваліся ўлёткі кандыдата ў прэзідэнты. Рыгор Кастусёў размаўляў з зямлякамі (многія бялынічане ведаюць яго асабіста, бо ён нарадзіўся і доўгі час працаваў у Бялыніцкім раёне), распавядаў ім аб сваёй перадвыбарчай праграме. І, калі ўжо пікет заканчваўся, ніадкуль з’явілася процьма міліцыянераў пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Бялыніцкага райвыканкама Надзеі Серыкавай і намесніка начальніка Бялыніцкага РАУС Міхаіла Грушэцкага. Я быў літаральна шакаваны. Толькі перад гэтым я распавядаў Рыгору Кастусёву, яго даверанай асобе Зміцеру Салаўёву (дарэчы, пры гэтым прысутнічала сакратар раённай камісіі Лідзія Шчацінка), што ў Бялыніцкім раёне выбарчы працэс праходзіць у цэлым дэмакратычна, і тут такое маскі-шоў. Нават калі і былі якія-небудзь парушэнні ў дзеяннях каманды Рыгора Кастусёва,  то няўжо нельга гэта пытанне было вырашыць выбарчай камісіі? Яе ж кіраўніцтва прыехала ў поўным складзе. Навошта было прыязжаць міліцыянерам, я не разумею. Калі ім няма чым заняцца, дык заняліся б расследваннем справы аб забойстве сям’і з шасці чалавек у маёй роднай вёсцы Вялікая Машчаніца ў далёкім 2005 годзе, якое да гатэга часу застаецца не раскрытым. Складаецца ўражанне, што супрацоўнікам бялыніцкай міліцыі і намесніку старшыні Бялыніцкага райвыканкама Надзеі Серыкавай не вельмі хочацца, каб прэзідэнцкія выбары ў нашай краіне былі прызнаныя свабоднымі і дэмакратычнымі...

Вельмі паказальнай была рэакцыя бялынічан на дзеянні супрацоўнікаў райвыканкама і міліцыі адносна Рыгора Кастусёва і яго прыхільнікаў. Адзін з іх сказаў : “ Што ж гэта за выбары такія, калі кандыдат у прэзідэнты не можа сустрэцца і паразмаўляць з зямлякамі...”

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства