ЗНЯВОЛЕНАГА ПАСТАРА НЕ ДАВАЎ СУСТРЭЦЬ АПАП
Сёння а 12.20, пасля 10 сутак арышту на свабоду выйшаў асудажаны за правядзенне несанкцыянаванага багаслужэння пастар мінскай царквы “Запавет Хрыста” Георгі Вязоўскі. “У мяне застаецца вера ў Бога. Веру за краты не схаваеш, – сказаў пасля вызвалення пастар Г. Вязоўскі. – Чаму за чытанне Бібліі чалавека пазбаўлюць волі? Гэты прысуд цалкам несправядлівы, бо Канстытуцыя гарантуе мне права служыць Богу. Тое ж самае мне гарантуюць міжнародныя пакты, падпісаныя Рэспублікай Беларусь.” Георгі Вязоўскі выказаў меркаванне, што рашэнне суда было замоўленае. “Супрацоўнікі міліцыі і выканкаму 30 хвілінаў перад судом аб нечым размаўлялі. Пасля гэтага пачаўся суд. Я думаю, што нехта даў свой загад, каб усё было вырашана менавіта так,” – сказаў пастар.
Веруючыя, якія сабраліся каля спецпрыёмніку на вул. Акрэсціна (каля 30 чалавек), былі адцесненыя АМАПам ад будынку і не маглі прайсці далей прыпынку “вул. Прылукская”. Да спецпрыёмніку пусцілі толькі блізкіх пастара – жонку і бацькоў.
Інцыдэнту папярэднічала размова маёра з сустракаючамі, які сказаў сабраўшымся каб не было ніякіх “правакацыяў і дэманстрацыяў”. “Праз некалькі хвілінаў з’явілася каля 20 супрацоўнікаў АМАПу, і пагналі нас як скаціну... Чутно было як па рацыях яны адзін адному казалі: “менш словаў, адціскайце... .” - кажа Міхась Арцюх, веруючы баптысцкай царквы, які прыехаў з Ваўкавыску сустрэць пастара Г. Вязоўскага. Таксама сустрэць пастара з няволі прыехалі веруючыя з Вілейкі і Гатава. Словы падзякі за падтрымку ўсім выказала жонка пастара Вязоўскага Людміла.
Сёння Рэлігійная аб’яднанне цэркваў Поўнага Евангелля прыняло зварот у сувязі з арыштам пастара баптысцкай царквы. “Якую грамадскую небяспеку і для каго ўяўляюць сабой веруючыя грамадзяне, якія сабраліся для сумеснага вызнавання сваёй рэлігіі? Ці можна казаць аб канстытуцыйных правах грамадзянаў, калі за сумесную малітву і вывучэнне Бібліі прыцягваюць да адказнасці? - гавоцца ў звароце. – Мы молімся за нашага брата Георгія Вязоўскага і заклікаем дзяржаўныя органы праяўляць мудрасць і цвярозы розум і пытаннях свабоды веравызнання,” – пішуць веруючыя.
Ядвіга МАЦКЕВІЧ