Брэст: Зменены рашэнні аб месцах для агітацыі па-за памяшканнямі
Адміністрацыі абодвух раёнаў Брэста (Ленінскага і Маскоўскага) сінхронна змянілі свае рашэнні ўжо пасля таго, як у Беларусі ва ўсю моц ідзе агітацыйны этап выбарчай прэзідэнцкай кампаніі. І тая, і іншая адміністрацыя матывавалі прыняцце новага рашэння неабходнасцю забяспечыць рэалізацыю артыкула 45.1 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
У абодвух раёнах Брэста масавыя мерапрыемствы па-за памяшканнямі, мітынгі і пікетаванні зараз можна праводзіць "у любых прыдатных для гэтых мэт месцах", за выключэннем тэрыторый мастоў, пуцеправодаў, праезнай часткі аўтамабільных дарог, а таксама на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, консульскіх устаноў, судоў, органаў пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абараназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва. Акрамя таго, у Ленінскім раёне г.Брэста накладзена забарона для выкарыстання ў агітацыйнай кампаніі плошчаў Леніна, Свабоды, мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой" і тэрыторыі ў радыусе менш за 200 метраў ад будынка тэлерадыёкампаніі "Брэст".
Нагадаем, што раней у гэтым раёне спіс дазволеных месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў уключаў толькі алею парка культуры і адпачынку з боку вуліцы Леванеўскага і асфальтаваную пляцоўку на скрыжаванні вуліц Савецкай і Набярэжнай Францыска Скарыны, а ў Маскоўскім раёне абласнога цэнтра для аналагічных мэт прапаноўвалася такая экзатычная тэрыторыя, як спецыялізаванае стрэльбішча для стральбы з лука.
Што датычыць спісу памяшканняў, дзе можна сустракацца кандыдатамі ў прэзідэнты РБ і іх даверанымі асобамі, то ён не быў зменены.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"