Віцебск: Барыса Хамайду трымалі ў міліцыі дзве гадзіны
Віцебскі апазіцыянер Барыс Хаймайда чарговы раз выйшаў агітаваць за байкот выбараў. З плкатам "Без легітымнай Канстытуцыі няма сапраўдных выбараў з легітымным вынікам" яму ўдалося прастаяць каля так званага “сіняга дома” – дома №28 па вуліцы Леніна ў цэнтры Віцебска – усяго каля гадзіны. Яго затрымаў “спецназ”, абвінаваціўшы апазіцыянера ў тым ліку ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі.
Барыс Хамайда быў гатовы да суда і пакарання, але ў Чыгуначнам РАУС яго толькі распыталі, запісаўшы працэс гутаркі на відэакамеру.
Апазіцыянер распавёў, што яму чыталі пастанову Чыгуначнага райвыканкаму, у якой вызначаны месцы для перадвыбарчай агітацыі, і тлумачылі, што пляцоўка каля “сіняга дома” у гэты шэраг не ўваходзіць. На што спадар Хамайда заявіў, што не лічыць легітымнымі рашэнні нелегітымных ўладаў, бо ў краіне няма легітымнага презідэнта пасьля рэферэндуму 1996 года. Таму, на ягоную думку, і патрэбны байкот выбараў – каб не даць Аляксандру Лукашэнку чарговы раз заняць прэзідэнцкую пасаду.
Усе гэтыя тлумачэнні запісаў відэааператар, і Барыс Хамайда не выключае, што іх могуць выкарыстаць ці ў чарговым прапагандысцкім фільме па БТ, ці ў якасці доказа на судзе.
Б.Хамайду адпусцілі з пастарунка, так і не склаўшы ніякіх пратаколаў і не выдаўшы позву ў суд. Ён кажа, што і заўтра з тым самым плакатам прыйдзе на тое самае месца.
Як ужо паведамлялі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, 22 лістапада Барыс Хамайда быў затрыманы за папярэдні заклік байкатаваць выбары разам з сябрам КХП БНФ Янам Дзяржаўцавым. Чыгуначны райсуд прысудзіў Яну Дзяржаўцаву штраф памерам 350 тысяч, а Барысу Хамайду – 5 сутак арышту. Праўда, ужо праз суткі Б.Хамайда быў вольны: судовае рашэнне апратэставала абласная пракуратура, і ўжо абласны суд вырашыў, што і адны суткі – дастатковае пакаранне для апазіцыянера.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”