Бялынічы: Першы агітацыйны пікет
25 лістапада ў гарадскім пасёлку Бялынічы Магілёўскай вобласці адбыўся першы агітацыйны пікет. Яго правяла каманда кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева каля памяшкання мясцовага Дома быту.
Нягледзечы на дрэннае надвор’е, да пікету, які быў выстаўлены з 11 да 16 гадзін, падыходзіла даволі шмат людзей.
- Людзі падыходзілі пастаянна, цікавіліся нашым кандыдатам у прэзідэнты і яго праграмай. Мы стараліся падрабязна распавесці пра Уладзіміра Някляева і яго бачанне далейшага развіцця роднай Беларусі. Дрэнна толькі тое, што мы не маглі даць людзям ніякіх інфармацыйных матэрыялаў - з-за таго, што Цэнтрвыбаркам спазніўся з выдзяленнем грашовых сродкаў кандыдатам у прэзідэнты, яны ў нас у Бялынічах папросту пакуль адсутнічаюць. Для мяне гэта проста дзіўна: агітацыю магчыма весці ўжо тыдзень, а ўлётак няма. Нам абяцаюць іх прывезці з Мінска заўтра-паслязаўтра, пакуль жа прыходзіцца больш гаварыць, - распавядае адказны за правядзенне пікету ў Бялынічах Мікалай Мяцеліца.
Ён падкрэсліў, што прыхільнікі Уладзіміра Някляева плануюць пастаянна праводзіць пікеты ў яго падтрымку ў Бялынічах да 18 снежня.
Стала таксама вядома, што кандыдат у прэзідэнты ад партыі БНФ Рыгор Кастусёў плануе наведаць сваю “малую радзіму” 28 лістапада. У гэты ж дзень яго каманда збіраецца арганізаваць пікетаванне каля будынку “Універсама”.
Пакуль жа ў Бялынічах перадвыбарная кампанія амаль нябачная, нідзе няма агітацыйных матэрыялаў кандыдатаў у прэзідэнты. Хіба што чырвона-зялёныя плакаты “Выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – 19 снежня”, без якіх увогуле цяжка было б здагадацца, што ў краіне ў хуткім часе адбудуцца прэзідэнцкія выбары.
Праўда, ужо некалькі дзён як каля адзінага светлафора ў Бялынічах з’явіўся ідэалагічны лозунг: з аднаго боку якога напісана “Проверенная временем власть – стабильная власть”, а з другога – “Мы за сильную процветающую Беларусь”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”