Шклоў: Раённая камісія знайшла парушэнні ў дзеяннях прыхільнікаў Някляева
Як паведаміў Пётр Мігурскі (на фота), давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Някляева, 25 лістапада яму патэлефанавалі са Шклоўскай раённай выбарчай камісіі і паведамілі, што складзены два акты аб парушэннях пры правядзенні масавых мерапрыемстваў (пікетаў) у падтрымку Уладзіміра Някляева.
Гаворыць Пётр Мігурскі:
- Парушэнні былі знойдзены пры правядзенні пікету 24 лістапада ў вёсцы Заходы Шклоўскага раёна і пры правядзенні пікетавання 25 лістапада каля раённага Дома культуры.
У вёсцы Заходы пікет, адказнай на якім была Юлія Гаўрыленка, быццам бы знаходзіўся ў недазволеным месцы. Наколькі я ведаю, пікет быў устаноўлены ў тым месцы, якое вызначана рашэннем Шклоўскага райвыканкама і ніякіх парушэнняў не было. Да ўдзельніц пікету падыходзілі супрацоўнікі Заходскага сельвыканкаму і ніякіх заўваг ім не рабілі. Адзіны прыкры інцыдэнт, які адбыўся пры правядзенні пікету ў вёсцы Заходы – гэта тое, што з інфармацыйнага стэнда невядомы сарваў партрэт Уладзіміра Някляева і адразу ж з’ехаў на аўтамабілі. 25 лістапада ў Шклове да пікетоўшчыкаў, якія агітавалі за Уладзіміра Някляева каля будынка раённага Дома культуры, падыйшоў старшыня Шклоўскай раённай камісіі па выбарах прэзідэнта, начальнік ідэалагічнага аддзела Шклоўскага райвыканкама Аляксандр Давыдовіч і папярэдзіў, што пікетаванне праводзіцца незаконна. Ён спаслаўся пры гэтым на артыкул 45 ч.1 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь, згодна якому паведамленне ў мясцовы выканаўчы альбо распарадчы орган улады павінна было быць накіраванае не пазней чым за два дні да пачатку правядзення пікета.
Пётр Мігурскі прызнаў, што з дня падачы паведамлення аб правядзенні пікету ў Шклоўскі райвыканкам сапраўды не прайшло два дні. Аднак ён адзначыў, што гэта парушэнне было выклікана тым, што ЦВК затрымаўся з выдачай пасведчанняў давераным асобам кандыдатаў у прэзідэнты. Таксама Пётр Мігурскі падкрэсліў, што прыхільнікі Уладзіміра Някляева ў рэгіёне не могуць разгарнуць поўнавартасную агітацыйную кампанію, бо з-за затрымкі ЦВК у выдзяленні сродкаў на перадвыбарную агітацыю, да гэтай пары няма неабходных агітацыйных матэрыялаў – улётак, плакатаў і г. д.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”