Бабруйск: Назіральнікі ад АБСЕ сустрэліся з праваабаронцам
Доўгатэрміновыя назіральнікі ад АБСЕ Эйтне МакДэрмотт і Габрыэла Фукс сустрэліся сёння, 24 лістапада з Ігарам Ходзькам, прадстаўніком Праваабарончага цэнтра “Вясна” ў Бабруйску.
- Назіральнікі ад АБСЕ самі прапанавалі сустрэцца, - распавядае Ігар Ходзька. – Яны ў асноўным задавалі пытанні пра змены, якія тычацца выбарчай кампаніі - у параўнанні з мінулымі прэзідэнцкімі выбарамі. Таксама іх цікавілі парушэнні, якія фіксуюць назіральнікі ці на якія скардзяцца штабы кандыдатаў. Я ім патлумачыў, што лібералізацыя носіць у Беларусі вонкавы характар і часта залежыць ад “настрою” чыноўнікаў. Узгадаў пра закрытасць інфармацыі па працэдуры праверкі подпісаў. Адзначыў, што ў Бабруйску дасюль не агучылі інфармацыю па колькасці выбаршчыкаў. Размаўлялі мы даволі доўга, тым больш адна з назіральніц двойчы ўжо прыязжала на выбарчыя кампаніі ў Беларусь, таму валодае сітуацыяй.
Ігар Ходзька адзначыў, што ён і замежныя назіральнікамі Эйтне МакДэрмотт і Габрыэлай Фукс дамовіліся быць у кантакце. Прадстаўнікі місіі АБСЕ прасілі праваабаронцу паведамляць ім пра ўсе парушэнні, звязаныя з выбарамі, якія будуць адбывацца ў Бабруйску.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”