Брэст: Назіральнікі ад АБСЕ сустрэліся з актывістамі апазіцыйных партый
Сённяшні дзень, 24 лістапада, прадстаўнікі місіі АБСЕ па назіранні за выбарамі на Брэстчыне - Бэры Льюіс (ЗША) і Віктар Мокін (Расія) - прысвяцілі зносінам з мясцовым актывам палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў, рэгіянальных выбарчых штабоў альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты, а таксама незалежнымі СМІ.
У прыватнасці, на сустрэчы з кіраўніцтвам абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі міжнародныя назіральнікі цікавіліся меркаваннем прадстаўнікоў гэтай палітычнай структуры пра цяперашнюю выбарчаю кампанію. Старшыня абласной арганізацыі АГП Мікалай Коўш вырашыў аспрэчыць прагучаўшае напярэдадні сцвярджэнне старшыні Брэсцкага аблвыканкама Канстанціна Сумара, зробленае перад назіральнікамі ад АБСЕ і СНД, што "перадвыбарчая кампанія вядзецца адкрыта, без процідзеяння іншым палітычным сілам". Мікалай Коўш нагадаў, што з 13 вылучэнцаў АГП па Брэсту ў склад участковых камісій трапілі толькі трое, прычым выпадкі адмоваў былі, калі ў выбаркамах заставаліся вакансіі.
У ліку фактараў, якія перашкаджаюць правядзенню свабодных і дэмакратычных выбараў, прадстаўнік апазіцыйнай партыі назваў таксама абмежаваны пералік месцаў, дзе дазволена перадвыбарная агітацыя, манапалізацыя электронных СМІ на карысць цяперашняга прэзідэнта РБ. Мікалай Коўш падзяліўся асцярогамі, што дзеючыя ўлады зноў маюць намер запусціць механізм прымусу выбаршчыкаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, што ўжо здаралася падчас ранейшых выбарчых кампаній.
На фота: Бэры Льюіс (ЗША), Віктар Мокін (Расія) і Мікалай Коўш.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"