viasna on patreon

Доўгатэрміновыя назіральнікі ад АБСЕ - у рэгіёнах

2010 2010-11-23T15:00:30+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bdipch.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пінск

Доўгатэрміновыя назіральнікі ад АБСЕ Хільде Катрыне Хауг і Шота Худжадзэ наведалі Пінск. Падчас свайго візіту яны правялі сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовых уладаў, тэрытарыяльнай выбарчай камісіі,  штабоў кандыдатаў у прэзідэнты і з незалежнымі назіральнікамі пры пінскай ТВК.

Падчас сустрэчаў абмяркоўвалася хада перадвыбарчай кампаніі ў Пінску. Прадстаўнікі каманд альтэрнатыўных кандыдатаў адзначылі, што сёлета пачатак кампаніі меў пазітыўныя зрухі ў параўнанні з мінулымі выбарамі, аднак прапанаваныя месцы для агітацыі і размяшчэння выбарчых матэрыялаў не дазваляюць казаць пра роўныя магчымасці кандыдатаў.

Пасля Пінску спадарыня Хауг і спадар Худжадзэ наведаюць іншыя рэгіёны. У зону іх адказнасці ўваходзяць Пінск, Лунінец, Столін, Іванава, Драгічын і прылягаючыя да гэтых гарадоў раёны.

Гродна

Найперш замежныя госці сустрэліся з гродзенскімі праваабаронцамі. Назіральнікаў ад АБСЕ цікавіла тое, як зараз праходзяць выбары і як яны праходзілі раней, а таксама выбарчае заканадаўства Рэспублікі Беларусь і яго выкананне на рэгіянальным узроўні.

Замежнікі хочуць мець як мага больш інфармацыі пра той перыяд выбарчага працэсу, які ўжо прайшоў і які яны не маглі адсачыць.

Міжнародныя назіральнікі паведамілі, што ў горад над Нёманам хутка прыедуць яшчэ 45 іх калегаў, якія хочуць асабіста прысутнічаць на выбарчых участках, каб разам з мясцовымі назіральнікамі самім пабачыць працэс галасавання і падліку галасоў. Прадстаўнікі АБСЕ пакінулі гродзенскім праваабаронцам свае кантакты і прасілі паведамляць ім пра ход выбарчай кампаніі, а таксама выклікаць туды, дзе мясцовыя назіральнікі лічаць іх прысутнасць найбольш мэтазгоднай.

На гэтым тыдні назіральнікі ад АБСЕ плануюць правесці некалькі працоўных сустрэчаў з прадстаўнікамі гродзенскіх уладаў і рэгіянальнымі партыйнымі лідарамі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства