viasna on patreon

Па скарзе віцебскага праваабаронцы з участковай камісіі выдалілі старшыню, прызнанага парушальнікам выбарчага заканадаўства

2010 2010-11-23T11:48:32+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/levinau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Павел Левінаў

Праваабаронца Павел Левінаў

Павел Левінаў паведаміў, што атрымаў адказ на сваю скаргу ў ЦВК пра парушэнне фармавання ўчастковай камісіі №35 у Першамайскім раёне Віцебска. Пасля праверкі выкладзеных у скарзе акалічнасцяў,  старшыню Андрэя Маркоўскага мусілі выключыць са складу камісіі.

Паводле Паўла Левінава, які сам зьбіраўся ўвайсці ў склад камісіі №35, але не трапіў туды нават пасля суду, А.Маркоўскі не меў 10 належных па законе подпісаў грамадзян. Гэтую акалічнасць праваабаронца заўважыў падчас судовага працэсу – звярнуў увагу на тое, што за ягонае вылучэнне падпісаліся тыя самыя людзі, што пазьней   нібыта падпісаліся за вылучэнне А.Маркоўскага, намесніка дырэктара прадпрыемства “Віцебскхлебпрам”.

-- Замест 10 подпісаў я вырашыў сабраць болей, і на рэгістрацыю ў камісію падаў іх 153. Відавочна, здарылася так, што ў жыхароў таго дому, па якім хадзіў я, “падпісалі” за вылучэнне Андрэя Маркоўскага.  Я даслаў у ЦВК заявы двух грамадзянаў, якія пацвердзілі, што давалі подпіс за мяне, а Маркоўскага не вылучалі. Такім чынам, атрымалася неспадзяванка: ніхто ж не мог прадказаць, што подпісы за чалавека, які ўжо не першы раз абіраецца ці прызначаецца старшынём камісіі, нехта падробіць,  а я змагу выкрыць гэты падман. І нават у тым выпадку, калі б людзі прызналі свае подпісы, я даводзіў бы, што ёсць парушэнне выбарчага заканадаўства: паколькі за мяне людзі падпісаліся раней, то подпісы за Маркоўскага мусяць лічыцца несапраўднымі, -- кажа Павел Левінаў.

Атрымаўшы адказ з ЦВК пра выключэнне з камісіі №35 Андрэя Маркоўскага, ужо абранага старшынём, Павел Левінаў чакае адказу з Першамайскай раённай пракуратуры. Ён падаў туды заяву, каб знайшлі і пакаралі вінаватага ў падробцы дакументаў і парушэнні выбарчага заканадаўства.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства